У страйку ўдзельнічала палова індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі

15 студзеня ў Беларусі завяшаецца двухтыднёвы страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны пратэставалі супраць прэзідэнцкага ўказа № 760, паводле якога не змогуць выкарыстоўваць працу наёмных працаўнікоў, за выключэннем блізкіх сваякоў.
Вось што сказаў пра вынікі акцыі ў інтэрв’ю Еўрарадыё адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў:

“За два тыдні ў Беларусі прынялі ўдзел у забастоўцы каля 50% прадпрымальнікаў. Ёсць пэўны адсотак людзей, якія працягваюць і далей не выходзіць на працу…

Вынік заўсёды ёсць. З’явіліся новыя лідэры, якія прыйшлі на месца арыштаваных. Прадпрымальнікі ў рэгіёнах самаарганізоўваюцца. Інфармацыя дайшла літаральна да ўсіх населеных пунктаў, дзе ёсць прадпрымальнікі”.


Нагадаем, 10 студзеня ў Мінску адбылася несанкцыяваная акцыя прадпрымальнікаў, у якой ўдзельнічала некалькі тысяч чалавек. 27 яе ўдзельнікаў былі затрыманыя, 23 з іх былі асуджаныя на адміністрацыйны арышт на 15 сутак (толькі студэнтка Таццяна Цішкевіч была пакараная 20 суткамі).

Пазней былі арыштаваныя актывісты прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў і Сяргей Парсюкевіч. За кратамі таксама знаходзяцца кіраўнік грамадскага “Перспектыва” Анатоль Шумчанка і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Удзельнікі акцыі 10 студзеня прынялі рашэнне наступны раз сабрацца на Кастрычніцкай плошчы 21 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі