"У Столінскім раёне неабходна будаваць сховішчы" — Заяц

Леанід Заяц / БЕЛТА
Леанід Заяц / БЕЛТА

1 сакавіка ў Століне прайшла нарада "па пытанні стварэння дадатковых умоў забяспечанасці ўнутранага рынку агародніннай прадукцыяй за кошт фермерскага сектара". Намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц заявіў, што дзяржава гатова працаваць з фермерамі і закупляць у іх прадукцыю.

"Столінскі раён і фермерскія гаспадаркі гэтага рэгіёна знаходзяцца ў авангардзе па вытворчасці агародніны ў Беларусі, — кажа Заяц. — Як мінімум палова ўсёй агародніны вырошчваецца менавіта ў гэтым раёне. Нам вельмі важна забяспечыць унутраны рынак нашай краіны той прадукцыяй, якую мы закуплялі па імпарце, — ранняй бульбай, ранняй капустай, морквай і гэтак далей... Таму мы разам з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Белкаапсаюзам, іншымі ведамствамі нашай краіны прыбылі сюды, каб на месцы ацаніць магчымасці фермерскіх гаспадарак, іх патэнцыял, аб’ёмы па відах прадукцыі, а таксама па тэрмінах пастаўкі".

Намеснік прэм'ера паведаміў, што фермеры "гатовы паставіць каля 6 тысяч тон ранняй капусты, 10 тысяч тон морквы, 2 тысячы тон ранняй бульбы" і па цане "значна танней, чым мы завозім па імпарце".

Па словах Леаніда Зайца, стаіць задача не толькі скупіць прадукцыю ў фермераў, але і закласці яе ў "стабілізацыйныя фонды". "У Столінскім раёне неабходна будаваць сховішчы, — працягвае Заяц. — Людзі гавораць, што маглі б захаваць значна больш прадукцыі, і па якасці яна будзе лепшай, чым тая, якую мы пастаўляем па імпарце. Таму мы будзем уносіць такія прапановы і разгледзім магчымасці кожнай фермерскай гаспадаркі. Мы павінны стварыць надзейныя ўмовы для захоўвання і наступнай рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным рынку, так і за межамі нашай дзяржавы".

Будзе разгледжана магчымасць выдзялення "на пэўных ільготных умовах" крэдытаў для будаўніцтва "неабходнай колькасці шкляных цяпліц".

"У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі мы павінны спадзявацца ў першую чаргу на сябе і сваіх вытворцаў", гаворыць міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, які таксама быў на нарадзе ў Століне. Такім чынам, ва ўмовах санкцый, вайны і рэпрэсій улады згадалі пра столінскіх фермераў, і спадзяюцца на іх працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі