У Расіі мусульмане складаюць 10% ад насельніцтва, у Латвіі — 0,1%

У Расіі мусульмане складаюць 10% ад насельніцтва, у Латвіі — 0,1%

Серыя тэрарыстычных нападаў, арганізаваная ў Францыі і Бельгіі прыхільнікамі радыкальнага руху “Ісламская дзяржава”, звярнула ўвагу еўрапейцаў на шматлікую мусульманскую суполку, якая жыве разам з імі.

У СМІ на палітычным і экспертным узроўні пачалі гучаць здагадкі, што прыхільнікі Карану апрыёры няздольныя да інтэграцыі ў еўрапейскую супольнасць. Гэта ў сваю чаргу стала нагодай для размоваў пра неабходнасць кантраляваць прыток іміграцыі, у тым ліку па рэлігійным прынцыпе.

Колькі насамрэч мусульман жыве ў Еўропе? Хто гэтыя людзі? Чаму яны выклікаюць такі страх у прадстаўнікоў іншых веравызнанняў? Уплывовы даследчы цэнтр Pew Researsch Center абагульніў галоўныя факты аб мусульманах у Еўропе. Літоўскі партал Delfi коратка пераказвае даклад.

Самыя буйныя ў Еўрасаюзе мусульманскія абшчыны жывуць у дзвюх краінах — Францыі і Германіі. У Францыі пражывае 4,7 мільёна мусульман, ці 7,5% ад усяго насельніцтва краіны.  У Германіі крыху больш — 4,8 мільёна чалавек, аднак гэта 5,8%.  Калі глядзець на кантынент, то больш за ўсё мусульман у Расіі — 14 мільёнаў чалавек. Паслядоўнікі прарока Мухамеда складаюць 10% ад усяго насельніцтва краіны. Для параўнання: мусульманская абшчына ў Латвіі не перавышае 0,1%.

Мусульманская абшчына пашыраецца стабільна, але не так хутка, як многім здаецца. З 1990 да 2010 года колькасць мусульман у агульнай структуры еўрапейскага насельніцтва ўзрасла з 4 да 6%. Чакаецца, што да 2030 года яна павялічыцца да 8%.

Мусульмане — самая маладая рэлігійная абшчына ў Еўропе. У 2010 годзе сярэдні ўзрост гэтай групы складаў 32 гады. Жыхары Еўропы на 8 гадоў старэйшыя. Сярэдні ж узрост еўрапейскіх хрысціян — 42 гады.

Ісламафобія больш актыўна за ўсё распаўсюджваецца ў краінах Усходняй і Паўднёвай Еўропы. Паводле дадзеных апытання, праведзенага вясной 2016 года, негатыўна да мусульманаў ставяцца 72% венграў, 69% італьянцаў, 66% палякаў і 65% грэкаў.

Калі ў Грэцыі і Італіі за кошт міграцыйных патокаў прыхільнікі ісламу сапраўды складаюць важкія групы (3-5%) у агульнай структуры насельніцтва, то ў Венгрыі і Польшчы непрыязнасць да мусульманаў трымаецца пераважна на тэарэтычных ведах.

Асноўная прычына статыстычна зафіксаванага росту папулярнасці ісламу ва ўсім свеце вельмі банальная — дэмаграфія. На адну мусульманскую жанчыну прыпадае ў сярэднім 3,1 дзіцяці, у іншых рэлігійных груп гэты паказчык роўны 2,3 дзіцяці.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі