Вы тут

У прытулак пакуль не забралі: 11-гадовы Ігнат застаўся з бацькам. Гэта не канец.

Ігнат Шымановіч / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Адзінаццацігадовы Ігнат у пачатку траўня павінен быў адправіцца ў сацыяльны прытулак. Прычына — зацягнутая спрэчка бацькоў аб тым, з кім павінен жыць хлопчык. Нягледзячы на тое што маці і бацька так і не дамовіліся, Ігнат працягвае жыць у Міханавічах з бацькам, старэйшай сястрой і бабуляй. Хоць раней суд вызначыў, што ён павінен пражываць з мамай. 

Чаму Ігната ўсё-такі не забралі?

Камісія па справах непаўналетніх і міліцыянер прыйшлі забіраць Ігната ў прытулак 29 красавіка. Тады хлопчык учапіўся ў бацьку, і ўжываць сілу ніхто не стаў.

"Пазней нас выклікалі ў сельсавет, дзе мне далі афіцыйную паперу, у якой было напісана, што цяпер Ігнат знаходзіцца пад дзяржаўнай абаронай і павінен ехаць у прытулак", — расказвае Дзмітрый Шымановіч, бацька хлопчыка.

 

У сельсавеце, па словах Дзмітрыя, прадстаўнікі КСН ціснулі на дзіця: "Яны казалі, маўляў, ты разумееш, што павінен быць у прытулку. Ігнат адказваў: "Едзьце самі ў прытулак!" Тады яму сказалі: "Мы пакараем твайго тату, жорстка пакараем, яго пасадзяць". Сын пачаў плакаць і мяне цягнуць".

Бацька па патрабаванні КСН прайшоў урачэбна-кансультацыйную камісію, а хлопчык прайшоў медагляд і наведвае псіхолага. Маці дзіцяці УКК праходзіць адмовілася — па словах Дзмітрыя, пакуль Ігната не забяруць у прытулак.

 

Ігнат і Дзмітрый Шымановічы / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

"Думаю, што пакуль КСН цягне час, — мяркуе бацька. — Сілком прывезці Ігната ў прытулак яны зараз не могуць. Але ні міханавіцкая, ні мінская школа не прымуць Ігната, пакуль сітуацыя не вырашыцца. Павернуць усё так, быццам я сам перашкаджаю навучанню сына. Потым яны будуць прымяняць сілавыя дзеянні. Як мне казаў намеснік пракурора Аляксандр Лашын, проста забяруць дзіця, і ўсё. У алкашоў не забіраюць дзяцей, у цыган, якія не водзяць дзяцей у школу. Узяліся менавіта за мяне".