У Польшчы раскрылі групоўку, якая перапраўляла мігрантаў з РБ у краіны ЕС
![Затрымалі і кіраўнікоў, і шэраговых выканаўцаў-кіроўцаў](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-01/1-34863.jpg.webp?itok=AKroRo2J)
Затрымалі і кіраўнікоў, і шэраговых выканаўцаў-кіроўцаў / strazgraniczna.pl
У Польшчы раскрылі групоўку, якая перапраўляла мігрантаў з РБ у краіны ЕС. Паліцыя затрымала 23 чалавек: і кіраўнікоў, і шэраговых выканаўцаў-кіроўцаў. Сярод іх ёсць грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Польшчы. Іншыя — польскія (іх большасць) і ўкраінскія грамадзяне, паведамляе strazgraniczna.pl.
Высветлілася, што мігранты з краін Азіі і Афрыкі спачатку дабіраліся паветраным транспартам у Расію або наўпрост у Беларусь. Далей іх прывозілі да беларуска-польскай мяжы. Пераходзілі яе пешшу нелегальна па-за памежнымі пераходамі. З польскага боку парушальнікаў чакалі арганізатары або тыя, хто з імі супрацоўнічаў. На аўтамабілях людзей везлі ў краіны Заходняй Еўропы.
Затрыманых абвінавачваюць у стварэнні злачыннай групоўкі, якая займалася арганізацыяй незаконнай міграцыі. 8 чалавек з ліку затрыманых арыштавалі на час правядзення расследавання.
Адзначаецца, што згаданая групоўка працавала не толькі на беларускім, але і на балканскім напрамку.
![У Польшчы раскрылі групоўку, якая перапраўляла мігрантаў з РБ у краіны ЕС](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/1-34864.jpg.webp?itok=tb_bOGxq)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.