У Польшчы дагэтуль нелегальна жывуць грамадзяне СССР

Апошнім часам у Польшчы пачалі спрабаваць легалізавацца людзі, якія прыехалі туды яшчэ па савецкіх пашпартах. Фактычна, яны з’яўляюцца грамадзянамі краіны, якой не існуе. І цяпер ніводная з рэспублік былога СССР не выказвае асаблівага жадання прызнаваць іх сваімі.

Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі расказала каардынатар праграм юрыдычнай кансультацыі для ўцекачоў і мігрантаў Хельсінскага камітэта Польшчы Агата Форэсь.

Агата Форэсь: “Пачалі з’яўляцца людзі, прыходзіць да нас па дапамогу, у якіх ёсць толькі пашпарт Савецкага Саюза. Яны прыехалі сюды з такім пашпартам на пачатку 1990-х і засталіся тут. І сёння ніводная з амбасад не пацвярджае, што яны атрымалі грамадзянства нейкай з краін былога СССР. І атрымліваецца, што цяпер яны — асобы без грамадзянства”.

Што зараз з імі рабіць — вялікая праблема. Рэч у тым, што Польшча да гэтага часу не падпісала ні канвенцыю ААН, ні канвенцыю Савета Еўропы па асобах без грамадзянства. Атрымліваецца, што, перш чым аформіць сваё знаходжанне ў Польшчы, чалавек павінен стаць грамадзянінам нейкай краіны. А гэта не трэба ні самому нелегалу-старажылу, ні яго патэнцыйнай краіне паходжання. Тым больш, што здараюцца такія казусы, што чалавек паводле пашпарта беларус, нарадзіўся ў Кіеве, а прыехаў у Польшчу з Масквы.

Агата Форэсь:
“У выніку такія людзі атрымліваюць дазвол на “талерантнае знаходжанне”. Гэта адзінае выйсце, але не самае лепшае. Бо тады вельмі складана атрымаць іншыя віды на жыхарства і пашпарт. Гэта такі польскі замежны пашпарт для замежніка. Людзям дазволілі знаходзіцца ў Польшчы, але не зразумела, на якіх правах”.



Дарэчы, як паведаміў цяпер ужо былы амбасадар Украіны ў Польшчы Аляксандр Моцік, Кіеў і Варшава з 2008 года абмяркоўваюць магчымасць падпісання пагаднення аб сацыяльнай абароне сваіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі абедзвюх краін. Ці робіцца нешта падобнае паміж Мінскам і Варшавай — не вядома.

А днямі ў Кракаве затрымалі японца, які амаль 40 гадоў нелегальна жыў у Польшчы. Каля 20 год вучыўся, а потым, забыты падчас дэмакратычных зменаў усімі спецслужбамі, так і застаўся жыць на новай радзіме. Вучыў ўсіх ахвотных за ежу і вопратку японскай мове. Цяпер вырашаецца пытанне аб дэпартацыі згубленага “самурая” на гістарычную радзіму.

І ўсё ж прыведзеныя прыклады — адзінкавыя, якія мала хвалююць звычайных палякаў. Больш за тое, гэтыя людзі ўжо даўно інтэграваліся ў польскае грамадства і нават паліцыянты прымаюць іх за сваіх. Іншая справа — тыя, хто апошнім часам хоча атрымаць у Польшчы від на жыхарства альбо статус уцекача. Паводле словаў дарадцы міністра ўнутраных спраў Польшчы Багуміла Рыбака, ад агульнай лічбы людзей, якія папрасілі статус уцекача, каля 95% складаюць чачэнцы. А сярод тых, хто падаў дакументы на часовае знаходжанне ў краіне, іх каля 50%.

І частка палякаў ўжо пачынае коса глядзець у бок такіх суседзяў. Першая прычына, кажа, самая банальная.

Агата Форэсь:
“Яны не працуюць, я кажу перш за ўсё пра тых, хто знаходзіцца ў цэнтрах уцекачоў, а атрымліваюць тут грошы, што маглі атрымаць у якасці дапамогі ад дзяржавы палякі, у якіх таксама цяпер няма працы, шмат дзяцей. Няма сацыяльнай дапамогі на тым узроўні, на якім яе атрымліваюць уцекачы. Так думаюць шмат з тых, хто гэтых уцекачоў бачыць”.

Падлівае алею ў полымя тое, што 17 з 19 цэнтраў для ўцекачоў знаходзяцца ў невялічкіх гарадах альбо мястэчках усходняй Польшчы. Да прыкладу, непадалёк ад беларускай мяжы — побач з Беластокам. І там, як адзначае каардынатар праграм інтэграцыі уцекачоў Фонда развіцця адукацыі і творчасці Катажына Патонец, з 700 чалавек 95% — чачэнцы, астатнія — грузіны. Стаўленне жыхароў Беластока да вымушаных суседзяў вельмі рознае.



Катажына Патонец: “Стэрэатып, што усе чачэнцы — тэрарысты, не дадае ім славы. І стаўленне да іх вельмі рознае: адны адносяцца нармальна, іншым — усё адно, але ёсць і тыя, хто вельмі негатыўна ўспрымае такое суседства. Ужо здараліся выпадкі, што чачэнцаў збівалі, а кватэру, якую яны здымаюць, закідвалі камянямі”.

З большым задавальненнем, прызнаўся дырэктар Дэпартамента па справах грамадзян і замежнікаў Падляшскага ваяводства Анжэй Гаўкоўскі, на беластоцкіх землях чакаюць сезонных працаўнікоў з Беларусі і Ўкраіны. І працы, кажа, для іх хапае, і праблем з афармленнем дазволу на працу стала апошнім часам менш, і стаўленне да іх з боку мясцовага насельніцтва добрае.



Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі