У паваенны час беларуская мова знайшла нішу ў дакументальным кіно

Прысутныя пабачаць першы гукавы фільм на беларускай мове "Двойчы нарожаны" (зняты ў 1933 годзе), а таксама экранізацыю "Палескіх рабінзонаў" Янкі Маўра 1934 года, якая, на жаль, захавалася толькі часткова.

Еўрарадыё паразмаўляла з адным з арганізатараў мерапрыемства Змітром.

Еўрарадыё: Калі ўвогуле з'явілася кіно па-беларуску?

Зміцер: Нямое кіно ў Беларусі з’явілася ў 1926 годзе. Для яго было правілам рабіць тытры на рускай і беларускай мовах. А першы гукавы фільм з’явіўся толькі ў 1933 годзе.

Еўрарадыё: А колькі такіх фільмаў было знята да вайны?

Зміцер: Не шмат, недзе каля 15.

Еўрарадыё: А як развіваўся беларускамоўны кінематограф у паваенны час?

Зміцер: Да вайны адбывалася станаўленне беларускага кінематографа — ён будаваў нацыянальна-рэвалюцыйны эпас, і ў адсоткавых прапорцыях беларускага кіно было сапраўды шмат. А пасля вайны беларускае кіно пачало развівацца, у тым ліку, з накірункам на агульнасавецкага гледача, таму адсоткава прадукцыя кінастужак на беларускай мове падала. Пры тым, што іх рабілася досыць шмат, але беларуская мова адыходзіла ў нішу дакументальнага кіно, нейкіх этнаграфічных замалёвак, а з мастацкага яна паціху знікала...

Еўрарадыё: А вось тыя фільмы, якія будуць паказаныя. Гэта алічбаваныя копіі?

Зміцер: Зараз беларуская дзяржава, у тым ліку і музей кіно, праводзіць актыўную працу па выкупе гэтых фільмаў з расійскіх архіваў. У нас ёсць алічбаваныя копіі. Але гэтыя фільмы можна паглядзець не толькі ў нас, але і ў музеі беларускага кіно, які знаходзіцца каля Чырвонага касцёлу. Там ўсе беларускія фільмы даступныя.

Еўрарадыё: Фільм “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра захаваўся часткова…

Зміцер: Так, гэта бяда многіх старых фільмаў, пры чым не толькі ў Беларусі. Гісторыя ў іх была доўгая і некаторыя часткі былі проста згублены.

Еўрарадыё: А наколькі, на ваш погляд, магчыма аднаўленне гэтых стужак?

Зміцер: Гэта залежыць ад працы  ў архівах — можа ў нейкім архіве ёсць поўная копія. Такое здараецца ў сусветнай гісторыі кіно, калі здаецца, што стужка згублена, а потым у самым нечаканым месцы знаходзіцца няўлічаная копія. Але гэты зап, хутчэй за ўсё, залежыць не ад аматароў, а ад высілкаў дзяржавы. Таму што толькі дзяржава мае магчымасці для такога пошуку ў архівах.

Еўрарадыё: Падобныя паказы будзеце працягваць?

Зміцер: Безумоўна. У нас даволі ўстойлівая кампанія калекцыянераў-аматараў, якія намагаюцца аднаўляць тое, што самі знаходзяць, а па магчымасці нават і дзяржаўным установам дапамагаць. Напрыклад, таму ж музею кіно. І мы збіраемся працягваць працу і паказ "навінак", якія атрымаецца знайсці. Гэта спрыяе папулярызацыі, усё больш людзей падключаецца да пошукаў і рэстаўрацыі.


Паказ пройдзе ў пятніцу, 20 студзеня, па адрасе: Мінск, вул. К. Лібнехта, 112; Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (уваход з адваротнага боку жылога дома ў жалезныя дзверы). Пачатак у 18.30.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі