У Паставах валанцёры палічылі доты і габрэйскія пахаванні (фота)

Міжнародны летнік у межах Memoria (валанцёры у абарону культурнай спадчыны Еўропы) тры тыдні працаваў у Паставах. Арганізавала яго Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Валанцёры, большасць якіх – студэнты з Белраусі і Польшы,  працавалі на добраўпарадкаванні закінутых габрэйскіх могілак. У Паставах ёсць два памятныя знакі на месцах масавых растрэлаў габрэяў фашыстамі. А могілкі ХІХ стагоддзя стаяць занядбаныя. Калі валанцёры прыехалі ў Паставы, ім давялося некалькі гадзін распытваць мясцовых жыхароў, каб знайсці гэтыя могілкі. Частка з іх ўжо забудаваная прыватнымі дамамі. Кажуць, што ў падмуркі некаторых хат нават пакладзеныя камяні з габрэйскіх магіл. Валанцёры прыбралі смецце, сфатаграфавалі кожны помнік, паднялі паваленыя камяні (кожны з іх, дарэчы, важыць каля 200 кілаграмаў).





Таксама валанцёры даследвалі  нямецкія ваенныя ўмацаванні часоў Першай сусветнай. Па словах Антося Астаповіча, старшыні таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, гэтае ўнікальнае месца можа стаць турыстычным аб’ектам яшчэ больш цікавым, чым разрэкламаваная “Лінія Сталіна”. Валанцёры знайшлі, абмерылі, сфатаграфавалі і зафіксавалі з дапамогай GSP-навігатара больш як 20 дотаў.


Падчас першай сусветнай баявыя дзеянні тут ішлі на працягу чатырох гадоў. Умацаванні перабудоўваліся і выкарыстоўваліся і пазней. На некаторых з іх знойдзены надпісы, зробленыя у дваццатыя гады, якія сведчаць, што доты належаць Польскай арміі. Выкарыстоўвалі іх і падчас Другой сусветнай. Не выключана, што частка дотаў звязана падземнымі хадамі. Гэты комплекс хавае шмат таямніц для навукоўцаў, але пакуль тут “працуюць” толькі чорныя капацелі. Валанцёры знайшлі шмат слядоў іхнай дзейнасці.

Працу валанцёрскага летніку асвятлялі журналісты, прэс-тур для якіх арганізаваны ў межах медыя-кампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну” (БАЖ).

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск
Фота аўтара і Кастуся Яцкевіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі