У МЗС Расіі ацанілі заяву міністра замежных спраў Чэхі адносна Беларусі

Заяву міністра замежных спраў Чэхіі Карэла Шварцэнберга ў МЗС Расіі расцэньваюць як грубы націск на Беларусь. Пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў расійскім знешнепалітычным ведамстве.
Нагадаем, 23 лютага на прэс-канферэнцыі ў  Бруселі К.Шварцэнберг
заявіў, што ў выпадку прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі і
Паўднёвай Асеціі краіна "сутыкнецца з вельмі сур'ёзнымі праблемамі" з
удзелам у праграме "Усходняе партнёрства", бо яна апынецца "па-за
еўрапейскім кантэкстам".

Крыніца ў МЗС Расіі назвала дадзеную заяву "палітычна шакіруючай",
падкрэсліўшы, што яна "выходзіць за межы прынятых дыпламатычных
прыстойнасцяў і хутчэй асацыюецца змовай ультыматумаў часоў халоднай
вайны".

"Матывы зробленай заявы ясныя. На словах чэшскае старшынства выступае
за ўмацаванне супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння з Расіяй, за дыялог паміж
Грузіяй, Абхазіяй, Паўднёвай Асеціяй падчас жэнеўскіх дыскусій.
Насамрэч бачнае імкненне ўбіць клін паміж Расіяй і Беларуссю, паставіць
Мінск у цяжкае становішча", — заявіў высокапастаўлены дыпламат.

Крыніца падкрэсліла, што заяву К.Шварцэнберга нельга расцэньваць інакш
як "грубы націск з боку старшынства ЕС на суверэнную дзяржаву
Беларусь". "Такі неканструктыўны і канфрантацыйны падыход не будзе
садзейнічаць узаемаразуменню і дыялогу падчас жэнеўскага працэсу", —
заявіў высокапастаўлены дыпламат.

Раней з асуджэннем выказванняў К.Шварцэнберга выступілі міністэрствы замежных спраў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

БелаПАН