У Мядзеле ў радзільным аддзяленні лякарні памёр нованароджаны хлопчык

У Мядзеле ў радзільным аддзяленні лякарні памёр нованароджаны хлопчык

Трагічна скончыліся роды для 26-гадовай Ганны — жыхаркі Мядзела: яе нованароджаны хлопчык памёр неўзабаве пасля родаў, піша tut.by.  

Усю цяжарнасць дактары казалі жанчыне, што яе дзіця абсалютна здаровае. Літаральна напярэдадні родаў, 30 жніўня, Ганне яшчэ раз зрабілі УГД, ЭКГ. Пры гэтым даследаванні пацвердзілі, што хлопчык здаровы. А пасля яго смерці, па словах сваякоў, лекары не сталі нічога тлумачыць — толькі сказалі, што пры нараджэнні такія выпадкі бываюць.

Маці парадзіхі Крысціна Давідовіч кажа, што схваткі ў дачкі пачаліся зранку 30 жніўня. У Мядзельскай цэнтральнай раённай лякарні яе спярша паклалі ў перадродавую палату. Але потым дактары вырашылі, што ёй пакуль яшчэ рана нараджаць, і перавялі ў звычайную палату. Схваткі ў Ганны працягваліся 30- і 31 жніўня. 

"Але ўначы 1 верасня схваткі скончыліся, і медыкі вырашылі дастаць дзіця абцугамі! Не разумею, навошта ў XXI стагоддзі так рабіць? Хлопчыка дасталі жывым, ён быў у коме, адразу ж адвезлі ў рэанімацыю, выклікалі рэанімабіль з Маладзечна. Дачцэ ўвялі наркоз, што было далей, яна не памятае", — распавядае жанчына.

Хлопчык нарадзіўся ў 2.50 ночы і пражыў троху больш за палову сутак — яго смерць была зафіксаваная 1 верасня ў 16.00. Родным выдалі пасведчанне аб яго нараджэнні. Цяпер яны чакаюць пасведчанне аб смерці, у якім будзе пазначана прычына трагедыі. Вынікі ўскрыцця будуць вядомыя праз два тыдні. 
Сваякі напісалі лісты на сайт Міністэрства аховы здароўя і галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама. Адказаў яны пакуль не маюць.

У Следчым камітэце кажуць, што па факце смерці дзіцяці ў лякарні праверка не вядзецца, бо не было заявы ад сваякоў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі