У Мінску знеслі чарговы помнік архітэктуры — дом №15 па вул. Камсамольскай

У Мінску знеслі дом №15 па вуліцы Камсамольскай (былой Феліцыянаўскай), хаця будынак буў унесены ў дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пра гэта паведаміў мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі. Сяргей Харэўскі: "Дом быў у выдатным стане, там змяшчалася крама швейцарскіх гадзіннікаў. Але ягоная планіроўка не адпавядала ўмовам заказчыка. Заказчык інвестуе ў гэты будынак — яго зносяць і будуць будаваць новы аб'ект, выдаючы гэта за рупнасць аб помніках архітэктуры ў нашай краіне".

С.Харэўскі адзначыў, што такое знос не адпавядае міжнародным нарматывам (Венецыянскай і Вашынгтонскай хартыям). Асаблівае абурэнне гісторыка выклікаў маральны аспект гэтай практыкі. Ён адзначае, што ўсё адбываецца негалосна. Грамадства не паспявае рэагаваць на знішчэнне помнікаў, бо не ведае, што яно можа страціць.

С.Харэўскі нагадаў, што, напрыклад, у 1982 годзе ў Мінску налічвалася 220 помнікаў архітэктуры так званага "дакастрычніцкага перыяду". Сёння іх лік скараціўся да 40.

Гісторык лічыць неабходным змяняць заканадаўства ў сферы аховы помнікаў. На сёння штраф за іх знос роўны 30 базавым велічыням, што параўнальна з пакараннем за распіццё спіртных напояў у публічным месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі