У Мінску ЖЭС зняў першы кандыцыянер праз суд

Паляванне на спадарожнікавыя “талеркі” працягваецца паляваннем на кандыцыянеры. Еўрарадыё даведалася, што першы суд з уладальнікам кандыцыянера не выйграны. Юля ўсталявала кандыцыянер у ліпені мінулага году. І адразу ж суседка знізу паскардзілася на яе ЖЭСу. Маўляў, новы прыбор шуміць, замінае глядзець на неба і псіхалагічна цісне на яе. ЖЭС зрэагаваў імгненна і ў гэты ж дзень вынес прадпісанне паказаць дакументы, якія ўзаконьваюць устаноўку кандыцыянера.

Юля: “Мы звярталіся да іх галоўнага інжынера, вывучылі заканадаўства, але нідзе не знайшлі парадку ўсталявання кандыцыянераў і спісу дакументаў. ЖЭС гэтага таксама не ведаў. Таму атрымалася, што мы прадпісанне гэта не выканалі”.

Тады суседка паскардзілася ў Мінгарвыканкам, той даручыў справу адміністрацыі Маскоўскага раёна, а яна – ЖРЭА. Сям’я Юлі атрымала ўсе праектныя дакументы ад кампаніі, якая ўсталёўвала кандыцыянер. Іх узгаднілі з галоўным інжынерам ЖЭСу. Але праз два дні прыйшло прадпісанне, што кандыцыянер ужо ўсталяваны, а значыць, самавольны. Плюс – ён псуе фасад будынку, таму трэба дэмантаваць прыбор у месячны тэрмін.

Юля: “У нас дом стаіць такім чынам, што ён не выходзіць да праезнай часткі ўвогуле нідзе. Вуліца Слабодская, але з яе ён нават не бачны. І наш фасад лічыцца дваровым. Наш фасад, мне падаецца, ужо нічым не сапсуеш: у нас абсалютна розныя малюнкі вокнаў, і будынак стары”.

Справа дайшла да суда, які скончыўся 15 траўня на карысць ЖРЭА. Суддзя сказала, што якім бы ні быў фасад будынку, кандыцыянер яго ўсё роўна псуе. Няма дакумента, у якім прапісана, як трэба ўзгадняць усталяванне кандыцыянера, але няма і адказнасці за “самавольнасць”. Таму ніякага штрафу Юля не заплаціла. Пасля таго, як іх сям’я здыме кандыцыянер, яны збіраюцца падаваць дакументы на яго ўсталяванне.

Галоўны архітэктар Кастрычніцкага раёну Алена Сухадолава паведаміла Еўрарадыё, што неўзабаве неабходны дакумент па ўсталяванні кандыцыянераў, антэн і інш. з’явіцца.

Алена Сухадолава: “Камітэту архітэктуры далі даручэнне распрацаваць палажэнне і рашэнне па ўсталяванні ўсіх гэтых канструкцый. Недзе за месяц мусіць быць прынятае рашэнне”.

Сяргей Гусеў, дырэктар кампаніі “Свой выбар”, якая займаецца продажам і ўсталяваннем кандыцыянераў, лічыць, што новы дакумент наўрад ці зробіць працэдуру ўзаконьвання кандыцыянераў простай. Хутчэй за ўсё, як гэта зрабілі з перапланіроўкай, амаль невыканальнай.

Сяргей Гусеў: “Кандыцыянер – гэта бытавы прыбор накшталт лядоўні, толькі складаецца з дзвюх частак. Калі для таго, каб яго займець, трэба будзе рабіць афіцыйны праект, то гэты праект абыдзецца вам яшчэ даражэй за кандыцыянер”.

Пакуль дакументу няма, а ўлады ўсё роўна дзейнічаюць нібыта па ім. У ЖРЭА Маскоўскага раёну Еўрарадыё сказалі, што да іх звяртаюцца вельмі шмат людзей з пытаннямі на гэты конт.

ЖРЭА: “Зараз спёка, нам тэлефануюць, хочуць павесіць кандыцыянеры. А ў нас пакуль няма дакументаў, на падставе якіх мы можам гэта дазволіць. Таму мы раім пакуль не вешаць, каб не выдалі потым прадпісанне зняць. Бо гэта не таннае задавальненне, і чалавек грошы патраціць, а потым здымаць прыйдзецца”.

Тым, хто яшчэ не набыў кандыцыянер, у каго вокны выходзяць на праспекты і буйныя вуліцы, Сяргей Гусеў прапануе два выйсці. Ці адразу набываць спецыяльныя ўстаноўкі, у якіх няма знешніх блокаў. Ці рабіць доўгія трасы, якія злучаюць унутраную і знешнюю часткі кандыцыянера, і вешаць знешнюю ў дваравую частку дома. Зразумела, калі суседзі не супраць.

Фота techair.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі