Вы тут

У Мінску ўсталююць 75 гранітных кветачніц за 100 тысяч долараў

Кветачніца на плошчы Незалежнасці, фота: grandekorkld.ru

75 кветачніц з граніту коштам 1,4 тысячы долараў кожная набывае для цэнтра сталіцы прадпрыемства “Мінская спадчына”. Такі тэндар знаходзім на сайце дзяржзакупак. 

“Залатыя” кветачніцы пасля рэканструкцыі будучай пешаходнай зоны плануюць паставіць на вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Кветачніцы з граніту вышынёй больш за паўметра і шырынёй 0,7 метра прамавугольнай формы. Але чаму так дорага?!

“Гранітная кветачніца закладзеная ў праекце. У нас быў таннейшы варыянт, з гранітных частак, але, згодна з праектнай дакументацыяй, праекціроўшчыкі сказалі, што хочуць бачыць такі варыянт. Гэта ж пад пешаходную вуліцу, там хочуць укласці гранітную брукаванку і, каб пасавала, гранітныя кветачніцы”, — распавядаюць  у “Мінскай спадчыне”.

Варыянт кветачніцы з сайта дзяржзакупак
Варыянт кветачніцы з сайта дзяржзакупак

Падбіраем больш танны за граніт варыянт кветачніцы для будучай пешаходнай вуліцы.

“Кветачніцы з дрэва каштуюць у нас ад 180 рублёў. З каванымі элементамі, вышынёй каля паўметра будзе каштаваць 220 рублёў прыблізна”, — апісваюць у кампаніі, якая займаецца кадкамі для дрэваў.

Еўрарадыё: А калі пад граніт зрабіць?

“Можна зрабіць, калі ў вас ёсць карцінка, можам усё што заўгодна зрабіць. Можна расфарбаваць, тады будзе каля 320 рублёў”.

То бок адна кадка зробленая “пад гранітную” будзе каштаваць у 17 разоў танней, чым па замыслах гарадскіх уладаў. А ўсе 70 такіх кадак абыдуцца ў 11200 долараў. Гэта 88 тысяч долараў эканоміі.

На праспекце Незалежнасці ў Мінску цяпер стаяць кветачніцы з туямі па 200 рублёў за штуку. Іх ставяць паміж лункамі, дзе раней раслі дрэвы, якія цяпер ссеклі. Такія ж кветачніцы з туямі стаяць на праспекце Пераможцаў. 

Праспект Незалежнасці, раён ГУМа

З сайта дзяржзакупак бачна, што сёлета ўлетку “Зелянбуд” закупаў 360 саджанцаў туі, а таксама 500 саджанцаў “іншых хвойных парод”. Але ўсе гэтыя закупкі нібыта не адбыліся з-за адсутнасці заявак.

Закупак звычайных саджанцаў дрэваў на сайце дзяржзакупак не знаходзім наогул. Як высвятляецца, іх бяруць у філіяле “Зелянбуда” “Броўкі”.

 “Так, амаль усе саджанцы ў Мінску — нашы. Адзінае, што кадак з дрэвамі не робім, яны ў нас не прыжываюцца”, — адказваюць у “Броўках”.

 Але туі ў кадках гінуць, як і дрэвы ўздоўж праспекта. Дрэвы засыхаюць у кадках каля “Макдональдса” на Гарадскім вале і каля “Бургеркінга” на праспекце Пераможцаў. 

Засыхаючыя дрэвы ў кадках, фота: Антон Матолька

А вось звычайныя дрэвы на праспекце “Зелянбуд” садзіць перад зімой не збіраецца, бо “дрэвы псуюцца з-за солі, якой узімку пасыпаюць дарогі”.