У Мінску пройдзе дэтэктыўная гульня-квэст на тэму п’есы Агаты Крысці

У Мінску пройдзе дэтэктыўная гульня-квэст на тэму п’есы Агаты Крысці

Гульнявы квэст у дэтэктыўным жанры “Сведка абвінавачвання” ладзіць 17 лістапада ў Верхнім горадзе Мінска тэатральна-канцэртнае агенцтва “Кульпрасвет” пры падтрымцы адмыслоўцаў з GameRoom. Паводле папярэдніх планаў арганізатараў, гульня, у якой можа паўдзельнічаць кожны жадаючы, прысвячаецца паказу ў сталіцы аднайменнага спектакля па п’есе Агаты Крысці Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава. 

Даведка Еўрарадыё: Квэст (англ. quest), альбо прыгодніцкая гульня (англ. adventure game) — гэта інтэрактыўная гісторыя з галоўным героем і шэрагам іншых удзельнікаў гульні. Галоўным элементам гульні ў жанры квэст з’яўляецца даследаванне навакольнага свету, а ключавую ролю ў гульні адыгрываюць рашэнні галаваломак і задач, якія патрабуюць ад гульца разумовых высілкаў.

Праўда, ўжо вядома, што расійскія тэатралы ў Мінск не прыедуць, спектакль адменены і пабачыць ігру Рэнаты Літвінавай і Ігара Верніка не атрымаецца.

Толькі, па словах аднаго з арганізатараў вулічнай гульні Мікіты Чабаткова, гэта ніякім чынам не ўплывае на планы па правядзенні квэста. 

Чабаткоў: “Гэты квэст будзе. На жаль, не адбудзецца паказ спектакля, але квэст пройдзе. Толькі мы пастараемся, каб ён ніяк не быў звязаны са спектаклем: мы яго назавем “Забойства па-англійску”, да прыкладу, а не “Сведка абвінавачвання”. У любым выпадку, усе жадаючыя могуць узяць удзел”.

Па словах арганізатараў, збор удзельнікаў адбудзецца ўвечары ў цэнтры горада. Падрабязнасці можна даведацца па гэтай спасылцы.

Чаму адмененыя паказы спектакля, суразмоўца Еўрарадыё ўдакладняць адмаўляецца і спасылаецца на тэхнічныя прычыны — нібыта, па датах не паразумеліся. Праўда, не выключана, што і сённяшняя гульня можа пайсці не так, як плануюць арганізатары. Справа ў тым, што па дазвол на правядзенне “масавага мерапрыемства” яны да гарадскіх уладаў ці ў міліцыю не звярталіся.

Чабаткоў: “Гэта не ўзгаднялася ніякім чынам. Але з іншага боку, мы на сябе ўсе рызыкі бярэм: гэта гульня, і тут ні да чаго не заклікаюць, і ніякага падтэксту палітычнага ці іншага няма. Пытанні, канешне, могуць узнікнуць (з боку праваахоўных органаў. — Еўрарадыё), але на нашым баку добрыя намеры, не стаіць задача як камерцыйны праект гэта прасунуць. І гэта, як мне падаецца, добры досвед для Мінска”. 

На пытанне, што будуць рабіць арганізатары, калі некага з удзельнікаў затрымаюць міліцыянеры “для высвятлення”, Чабаткоў адказвае: “Калі такое здарыцца, то мы будзем весці перамовы з усімі зацікаўленымі бакамі”.

Што да ідэі квэста, то, паводле сцэнару, удзельнік мерапрыемства выступае ў ролі прыватнага дэтэктыва і мусіць цягам 1,5 гадзіны раскрыць здзейсненае ў цэнтры горада забойства “вядомага нафтавага магната”. Па заканчэнні квэста ўдзельнікаў “чакаюць прыемныя сюрпрызы”, абяцаюць арганізатары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі