У Мінску прэзентавалі вялікі беларуска-нямецкі слоўнік
Прэзентацыя вялікага беларуска-нямецкага слоўніка (болей за 70 тысяч словаў і выразаў) адбылася 4 лістапада ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау ў межах XIII Мінскага форуму, паведамляе БелаПАН. Слоўнік выйшаў накладам у 1 тысячу асобнікаў у мінскім выдавецтве Дзмітрыя Коласа. Праца лінгвістаў над гэтым фундаментальным творам доўжылася амаль 18 год. Гэты найбольш поўны беларуска-нямецкі слоўнік яшчэ ў 1992 годзе разам з аднадумцамі пачаў складаць выкладчык Мінскага лінгвістычнага інстытуту, а цяпер лінгвістычнага ўніверсітэту Ўладзімір Марцінеўскі. Пасля яго смерці ў 1994 годзе праект ачоліў лінгвіст Мікалай Кур’янка. Вялікі ўнёсак у працу зрабіў вядомы паліглот Лявон Баршчэўскі. Усяго над слоўнікам працавала 17 спецыялістаў, у тым ліку з Нямеччыны.