У Мінску прайшоў адзіночны пікет супраць “закона аб адтэрміноўках”

У Мінску прайшоў адзіночны пікет супраць “закона аб адтэрміноўках”

26 жніўня ў Кіеўскім скверы ў Мінску прайшла акцыя супраць “закону аб адтэрміноўках”. З адзіночным пікетам выйшаў студэнт Антон Самаль. Дазволеная ўладамі акцыя праходзіла пад пільным наглядам двух міліцыянтаў і трох супрацоўнікаў у штацкім. 

Акцыя доўжылася 15 хвілін.

“Зараз яшчэ вучуся ў магістратуры (год застаўся), таму змены ў законе мяне не закранулі… Але ў гэтым войску служыць не хачу: шмат чуў і пра дзедаўшчыну, і пра самагубствы. Тым больш лічу, што там няма чаго рабіць год-паўтара. Калі б менш, то я б яшчэ задумаўся”, — распавёў пікетовец у каментары Еўрарадыё.

24 і 25 жніўня малады чалавек ужо ладзіў пікеты ў Мінску — на плошчы Бангалор і каля кінатэатра “Кіеў” адпаведна. 27 жніўня Антон Самаль таксама правядзе пікет — зноў у Кіеўскім скверы.  

Падобны пікет 25 жніўня прайшоў і ў Магілёве, заяўленая акцыя і ў Оршы. Іх ініцыятары — удзельнікі Telegram-канала ProtestBY — патрабуюць адмяніць або змяніць "закон аб адтэрміноўках".

Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы", які таксама называюць "законам аб адтэрміноўках", пачаў дзейнічаць з 10 жніўня. Незадоўга да гэтага ў Міністэрстве абароны растлумачылі, што маладыя людзі, залічаныя сёлета ў ВНУ і магістратуру, усё ж атрымаюць права на другую адтэрміноўку для працягу адукацыі. Аднак гэта не закране аспірантаў, чыё залічэнне афіцыйна адбываецца 1 лістапада, калі восеньскі прызыў ужо будзе заканчвацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі