Бабуля падтрымлівае: хто той студэнт, які ідзе супраць "закона аб адтэрміноўках"

Лога пратэстоўцаў
Лога пратэстоўцаў

Аляксей М. з Магілёва (мы не публікуем прозвішча, каб не падстаўляць хлопца) падаў у мясцовы выканкам заяўку на правядзенне адзіночнага пікета супраць "закона аб адтэрміноўках". Еўрарадыё знайшло студэнта і распытала пра жаданне пайсці ў палітыку, нежаданне пайсці ў войска, падтрымку родных, пафігізм сяброў і пра тое, якой ён бачыць сваю акцыю.

 

“Структуры з рознымі абрэвіятурамі”

Праз некалькі дзён пасля таго, як заяўка на пікет была пададзеная, на вушы ўсталі ўсе гарадскія ўлады. А ў Аляксея — навучэнца Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа — зазваніў тэлефон.

"Патэлефанавала куратар і спытала пра пікет. Кажа, куды я ўлез? Чаму ў каледж тэлефануюць "структуры з рознымі абрэвіятурамі", якія пытаюцца маю характарыстыку? Кажуць, ты хочаш, каб пра цябе ўвесь горад даведаўся? Карацей кажучы, у каледжы спрабавалі неяк паўплываць на мяне, каб я адмовіўся праводзіць пікет".

Але малады магілёвец не збіраецца мяняць планы.

Еўрарадыё: Чаму ты наогул вырашыў правесці пікет супраць "закона аб адтэрміноўках"?

Аляксей М.: Гэтая праблема пакуль што мяне не асабліва датычыцца: мне яшчэ паўтара года вучыцца ў каледжы. Але ў будучыні, калі я захачу паступіць [у ВНУ], то мне спачатку прыйдзецца адслужыць у войску. А гэта не тое, чаго б я хацеў.

Еўрарадыё: Ці не было страшна падаваць заяўку? Не думаў, што пасля гэтага могуць пачацца праблемы?

Аляксей М.: Страх пэўны ўзнік, калі пачалі тэлефанаваць з гарвыканкама і пытацца, навошта вам гэты пікет? Але што пачнуць тэлефанаваць з адміністрацыі каледжа, я такога не моцна чакаў.

 

"Бабуля сказала, што я правільна ўсё раблю"

Еўрарадыё: Як адрэагавалі бацькі?

Аляксей М.: Я жыву толькі з бабуляй. Яна мяне падтрымлівае — сказала, што я правільна ўсё раблю. Вядома, яна таксама за мяне турбуецца. Але ў асноўным яна мяне падтрымлівае. Яе меркаванне аб войску таксама адмоўнае.

Еўрарадыё: Што кажуць пра тваю ініцыятыву аднагрупнікі? Ці падтрымліваюць цябе?

Аляксей М.: З большага ім гэта абыякава. Яны ці не прыгодныя для службы, ці ўжо змірыліся з тым, што пойдуць служыць. Некаторыя проста баяцца.

Еўрарадыё: "Закон аб адтэрміноўках" — адзінае, што цябе не задавальняе ў беларускай палітыцы?

Аляксей М.: Да гэтага моманту я не моцна цікавіўся беларускай палітыкай, таму што ў нас у краіне больш гавораць пра расійскую палітыку. Але пасля гэтай сітуацыі спрабую больш паглыбіцца ў нашы справы. Я стараюся і законы чытаць — напрыклад, Канстытуцыю, — і сайты навінавыя таксама, каб даведацца, што адбываецца ў нас у Беларусі.

Еўрарадыё: Якой бачыш сваю адзіночную акцыю, калі яе дазволяць?

Аляксей М.: Калі пікет дазволяць, то выйду з плакатам. Магчыма, напішу хэштэг #учебаважнее.

 

На цяперашні момант пададзена 17 заявак на адзіночныя пікеты

Іх ініцыятары патрабуюць адмяніць або змяніць "закон аб адтэрміноўках". Пра гэта Еўрарадыё расказаў Дзяніс Ціханенка, стваральнік телеграм-канала ProtestBY. Пікеты плануецца правесці ў Мінску, Оршы і Магілёве. Па датах — другая палова жніўня і пачатак верасня.

Актывісты плануюць менавіта адзіночныя пікеты, таму што па-іншаму пратэставаць дорага. У Беларусі арганізатар акцыі павінен аплаціць паслугі сацыяльных службаў па падтрыманні парадку і прыборцы на месцы мітынгу. А гэта можа абысціся ў кругленькую суму. Зрэшты, не выключана, што ўлады запатрабуюць грошай і ад арганізатараў 15-хвілінных адзіночных пікетаў. У гэтым выпадку на кожны з іх трэба будзе каля 200 рублёў.

Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы", які таксама называюць "законам аб адтэрміноўках", пачаў дзейнічаць з 10 жніўня. Незадоўга да гэтага ў Міністэрстве абароны растлумачылі, што маладыя людзі, залічаныя ў гэтым годзе ў ВНУ і магістратуру, усё ж атрымаюць права на другую адтэрміноўку для працягу адукацыі. Аднак гэта не закране аспірантаў, чыё залічэнне афіцыйна адбываецца 1 лістапада, калі восеньскі прызыў ужо будзе заканчвацца.

Як і іншыя непапулярныя рашэнні ўрада, "закон аб адтэрміноўках" многія беларусы сустрэлі з крытыкай. У сацсетках з'яўляюцца групы праціўнікаў закона, аднак з актыўнымі пратэставымі дзеяннямі яны пакуль што не спяшаюцца — абмяжоўваюцца падачай заявак на правядзенне пікетаў.

"Падатак на дармаедства", будаўніцтва акумулятарнага ў Брэсце — усё гэта ў свой час прывяло да з'яўлення новых грамадскіх актывістаў, якія раней не былі заўважаныя ў "апазіцыйным варушняку". Ці стане маштабным пратэставы рух з учарашніх "ухілістаў", сказаць пакуль складана, аднак новыя актывісты ўжо з'яўляюцца. І адзін з іх — 19-гадовы Аляксей М.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі