У Мінску на кожнага беспрацоўнага -- 5 вакансій

Службы занятасці прапаноўваюць юрыстам перавучвацца на тынкоўшчыкаў. Сёння ў службах занятасці Мінску налічваецца 3600 афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Між тым, колькасць свабодных працоўных месцаў у сталіцы – каля 18 тысяч. 80 адсоткаў з гэтай лічбы складаюць вакансіі на рабочых. У сваю чаргу, па кожнай чацвёртай заяўцы шукаюць рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў. Еўрарадыё задалося пытаннем: “Чаму за мяжой так шмат гастарбайтараў з Беларусі, калі і тут працы хапае?”

Па адказ звярнуліся да спецыяліста па сувязях з грамадскасцю ўпраўлення занятасці насельніцтва Мінгарвыканкаму Іны Сямёнавай.

Іна Сямёнава: “Попыт у нас на будаўнікоў, на кіроўцаў, на рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Дастатковы попыт на прадаўцоў, касіраў, павароў”…

Еўрарадыё зацікавіла тое, што пры такой колькасці вакансій для будаўнікоў нашы суайчыннікі вымушаныя шукаць працы за мяжой. Спецыяліст упраўлення сцвярджае, што і на радзіме плацяць не дрэнна.

Іна Сямёнава: “Да прыкладу, сёння ў нашай базе 350 вакансій муляра. 800 тысяч ёсць зарплата, 700, 500, 600, 750…. Нават прымаюць жыхароў Мінскага раёна”.

Без праблемаў, кажа Іна Сямёнава, на працу прымаюць і жыхароў іншых раёнаў. Галоўнае, каб яны мелі магчымасць ездзіць штодня дадому. Іншая справа, жыхары аддаленых мясцінаў. Арганізацыі могуць прымаць на працу і іх, але не ўсе.

Іна Сямёнава: “У Мінску існуе асаблівы парадак запрашэння іншагародніх грамадзян. Але ў нас ёсць трэсты, арганізацыі, буйныя прадпрыемствы, якім выдзелена квота і яны маюць права запрашаць іншагародніх. Гэта павінны быць высокакваліфікаваныя спецыялісты, лепш адзінокія, таму што арганізацыя іх павінна забяспечыць жыллём”.

А вось як Іна Сямёнава тлумачыць, чаму пры такой колькасці вакансій неўладкаванымі застаюцца 3600 мінскіх беспрацоўных.

Іна Сямёнава:“Больш за палову, дзесьці адсоткаў 55, складаюць жанчыны. І тут можна казаць, што попыт не супадае з прапановай. Па ранейшаму на рынку зашмат эканамістаў, юрыстаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, настаўнікі і выкладчыкі асобных дысцыплінаў, сакратары і таваразнаўцы”.

Ім прапаноўваюць перавучвацца, але мала хто з такіх беспрацоўных імкнецца ўладкавацца на будоўлю. Дзе службы занятасці будуць шукаць людзей, каб запоўніць вакансіі, спецыяліст упраўлення адказаць не здолела. Усе спадзяванні на “эмігрантаў” з рэгіёнаў.

Праўда, калі карэспандэнт задаў абстрактнае пытанне: “Ці адправіла б яна свайго мужа-будаўніка на заробкі ў Маскву, калі б ён паабяцаў за 3 месяцы прывезці 3-4 тысячы долараў?”, без разважанняў сказала, што адправіла б. Толькі б праверыла – наколькі можна давяраць працадаўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі