У Мінску можа з'явіцца скульптура Менеска і памятны знак Лютэранскага прадмесця

У Мінску можа з'явіцца скульптура Менеска і памятны знак Лютэранскага прадмесця

Скульптура легендарнага чарадзея Менеска можа з'явіцца на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Нямігі. 

У Мінску прапаноўваецца паставіць скульптурную кампазіцыю "Менеск" і памятны знак Лютэранскага прадмесця, перадае БЕЛТА. З такой прапановай выступае Мінскі гарадскі інстытут добраўпарадкавання і гарадскога дызайну, паведаміла на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме дырэктар прадпрыемства Святлана Барысовіч.

Волат-чарадзей Менеск (паводле легенды, запісанай Паўлам Шпілеўскім у ХІХ стагоддзі), пабудаваў на беразе Свіслачы каменны млын. Яго скульптуру мяркуюць паставіць на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Нямігі. Разглядаюцца некалькі варыянтаў размяшчэння кампазіцыі.

Таксама вядзецца праца над праектам памятнага знака Лютэранскага прадмесця на скрыжаванні вуліц Волаха і Лібкнехта. Ініцыятарам гэтага праекта стала нямецкая грамада. Распрацавана восем варыянтаў знака, два з якіх ухваліла амбасада Германіі — у выглядзе "Кнігі жыцця" і разбуранай аркі кірхі.

Таксама мінскія спецыялісты распрацавалі архітэктурную канцэпцыю рэканструкцыі фасадаў комплексу будынкаў у квартале вуліц Веры Харужай, Якуба Коласа, Кульман, аб'ектаў забудовы, прылеглай да тэрыторыі стадыёна "Дынама", прапановы па ўдасканаленні рэкламнага афармлення горада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі