У Мінску лічаць шантажом заявы аб прыходзе расійскага капіталу на "Нафтан"

Прадстаўнікі беларускіх профільных ведамстваў лічаць шантажом заяву міністра энергетыкі РФ Сяргей Шматко. Нагадаем, расійскі чыноўнік звязаў ільготныя ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь з удзелам расійскіх кампаній у прыватызацыі комплексу "Нафтан-Палімір". Беларускі чыноўнік, які пажадаў захаваць ананімнасць, сказаў "Інтэрфаксу": "Заявы расійскага міністра энергетыкі, які сказаў, што захаванне ўмоваў пастаўкі нафты звязана з уваходжаннем расійскай кампаніі ў капітал нафтавай інфраструктуры Беларусі, інакш як шантажом нельга назваць. Па сутнасці, нам было сказана: жадаеце і далей нафту атрымліваць — аддайце за бесцань "Нафтан".

Пры гэтым суразмоўца падкрэсліў, што такая пазіцыя расійскага боку супярэчыць духу і літары новастворанага Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы, якія прадугледжваюць роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, у першую чаргу, пры пастаўках энергарэсурсаў.

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў, каментуючы заявы расійскага міністра энергетыкі, адзначыў, што "гэтая заява, хутчэй за ўсё, запрашэнне да наступнага дыялогу". Пры гэтым ён лічыць малаверагодным дасягненне дамоўленасцяў пра ўдзел расійскіх кампаній у прыватызацыі комплексу "Нафтан-Палімір" да 2010 года, з пачатку якога на 6 месяцаў павінны быць пралангіраваныя ўмовы пастаўкі расійскай нафты ў Беларусі.

Ён пацвердзіў, што ў праекце беларуска-расійскай праграмы па пашырэнні супрацоўніцтва ў ТЭК адным з пунктаў меркавалася падрыхтоўка міжурадавай дамовы, якая замацоўвае ўдзел расійскіх кампаній у капітале ААТ "Нафтан". Але тэрміны рэалізацыі пратаколу аб умовах пастаўкі нафты і пагаднення па прыватызацыі НПЗ цалкам іншыя, падкрэсліў Філонаў.

Пры гэтым ён выказаў заклапочанасць беларускага боку маўчаннем урада РФ наконт узгодненага Мінфінамі дзвюх краін пратаколу, падпісанне якога падоўжыць на I паўгоддзе 2010 года цяперашнія ўмовы пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі