Вы тут

У Мінску будуць судзіць сірату — за тое, што хацеў ваяваць у палку Каліноўскага

Андрэй Раптуновіч / сацсеткі

У Беларусі будуць судзіць 20-гадовага сірату, які збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну. Хлопца завуць Андрэй Раптуновіч, ён працаваў мастаком-выкладчыкам у цэнтры дадатковай адукацыі "Маяк". Быў затрыманы ГУБАЗіКам у траўні. 

Паводле Следчага камітэту, малады чалавек планаваў далучыцца да палка Каліноўскага. Для гэтага ён зарэгістраваўся ў адмысловым тэлеграм-канале і паведаміў адміністратару аб гатоўнасці "па першым сігнале ўзяць зброю ў рукі". Таксама нібыта далучыўся яшчэ да адной суполкі ў тэлеграме, дзе "прапаноўваў свае паслугі і выказваў імкненне да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў".

На звестках праваабаронцаў, у траўні Андрэю прысудзілі 14 сутак арышту за нібыта "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", потым склалі новы пратакол — яшчэ на 15 сутак  — "за размахванне рукамі і нецэнзурную лаянку".

Сёння стала вядома, што Раптуновіч — фігурант крымінальнай справы. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — "удзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "падрыхтоўка да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы".

Андрэю пагражае да 6 гадоў турмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.