У Мінску адкрылася выстава пленэра па кераміцы "Арт-Жыжаль 2008"

Выстава "Кола агня" VI міжнароднага пленэра па кераміцы "Арт-Жыжаль 2008" адкрылася 6 сакавіка ў мінскай галерэі "Універсітэт культуры".
У экспазыцыі - творы 25 мастакоў з Беларусі, Літвы, Малдовы, Польшчы,Расіі , Румыніі і Ўкраіны — удзельнікаў пленэра, які праводзіўся летась з 10 па 31 ліпеня ў Бабруйску на тэму "Скульптура ў кераміцы". Арганізатарамі пленэра выступілі аддзел культуры Бабруйскага гарвыканкама і Бабруйская гарадская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў.

Адчыняючы выставу, дырэктар галерэі Дзяніс Барсукоў назваў пленэр "унікальнай з'явай", "сапраўднай школай майстэрства для маладых керамістаў". Зазначыў, што фантастычная па форме і фактуры кераміка з пленэра, штогод дэманструецца ў галерэі і карыстаецца вялікім поспехам у гледачоў.

Выступоўцы падкрэслілі вялікую ролю майстра-кераміста з Бабруйска Валерыя Калтыгіна, а першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца мяркуе, што мастак заслугоўвае вышэйшай дзяржаўнай узнагароды — звання Герой Беларусі.

Па словах Валерыя Калтыгіна, пленэры па кераміцы праходзяць у палявых умовах, у яднанні мастакоў з прыродай, у злучэнні традыцыйных тэхналогіяў і матэрыялаў з сучаснымі мастацкімі формамі і ідэямі. Вырабляецца разнастайная кераміка — з дымленнем, рэдукцыяй паліўнага пакрыцця, абварная, раку-кераміка.

Выстава працуе да 21 сакавіка.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі