30 лістапада ў мінскім метро прайшлі начныя тактыка-спецыяльныя вучэнні, якія праводзілі МНС і Мінскі метрапалітэн. Яны адбываліся на станцыях "Магілёўская" і "Аўтазаводская". Ратавальнікі адпрацоўвалі ліквідацыю "пажару з вылучэннем вялікай колькасці дыму".
Паводле легенды вучэнняў, у тунэлі метро ў 500 метрах ад бліжэйшай станцыі ўзнікла надзвычайная сітуацыя ў цягніку — "загарэўся" адзін з вагонаў. Цягнік спыніўся і не мог рухацца. На дапамогу прыйшлі ратавальнікі. Некаторых пасажыраў яны эвакуявалі ў "несвядомым" стане (у ролі статыстаў былі курсанты ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС).



