У Мінкульце не ведаюць, што такое “батлейка”

У Наваполацку гарбатай называюць польскую гарэлку, а па Мінску за беларускую мову бясплатна возяць на таксі.
На днях аператарка сталічнай службы “085” папрасіла ў журналіста Еўрарадыё дазволу размаўляць не на роднай мове. “Гэта каб не атрымалася трасянка, бо наша база даных складзена па-руску…” – мовіла яна па-беларуску. Гэта настолькі мяне ўразіла, што я вырашыў дазнацца, а дзе з беларусамі будуць размаўляць на іх роднай мове. Мы пачалі тэлефанаваць у розныя дзяржаўныя канторы, звяртаючыся да чыноўнікаў па-беларуску.

У сталічных камунальных службах і аўтапарках на простыя пытанні на роднай мове нам адказвалі па-руску, цудоўна разумеючы, аб чым ідзе гаворка. У Міністэрстве абароны, напрыклад, напрыканцы размовы адказалі “калі ласка.” Прычым стаўленне да беларускамоўнага суразмоўцы не змянялася.

У Міністэрства культуры Еўрарадыё звярнулася з даволі простым пытаннем: “Дзе ў Мінску можна паглядзець батлейку?” Нагадаем, што батлейка – гэта беларускі народны лялечны тэатр. Дык вось у галоўным культурным міністэрстве краіны мы не толькі не пачулі роднай мовы, але ўвялі ў ступар назвай беларускага тэатру:

“Что показать?”

Еўрарадыё, канешне ж, патлумачыла супрацоўнікам Мінкульту, што такое “батлейка”.

Беларускую мову журналіст пачуў у аддзеле культуры Мінгарвыканкаму. Пытанне было тое ж, пра батлейку:

“Вы хотите посмотреть батлейку? Гэта музей ……. Т…т…т... тэатральнай і музычнай культуры. Музычны……… завулак, 8, здаецца…”

Цікавыя выпадкі здараюцца з нашымі суайчыннікамі, якія заўсёды размаўляюць па-беларуску.

Павел Севярынец расказаў Еўрарадыё, што ў дзень свайго вызвалення ён вырашыў папіць гарбаты ў Наваполацку і зайшоў у першы ўнівермаг. На жаль, пакаштаваць індыйскага напою апазіцыянеру давялося толькі ў чацвёртай кавярні:

“Ва універмагу ў мяне пацікавіліся: “А что, “гарбата” – это водка по-польски?” Ніяк не змаглі зразумець, што гэта такое, хаця я і тлумачыў. Пачалі гаварыць, каб гаварыў па-руску, па-нармальнаму. Я запатрабаваў кнігу скаргаў. Прадавачка ў слёзы. Сама загадчыца, якая падала кнігу, таксама не ведала, што такое “гарбата.” Толькі ў чацвёртым універмагу ў мяне запыталі: “Чаю, что ли?” и налілі тае самае гарбаты”.

Алега Трусава
, старшыню Таварыства беларускае мовы, з-за беларускай мовы бясплатна падвозілі таксісты. А падчас святкавання Дня Волі адзін з міліцыянтаў дык увогуле паказаў спадару Трусаву, як выйсці з ачаплення:

“Дзякуючы мове таксісты мяне тры разы бясплатна вазілі па Мінску. Чулі беларускую мову і не бралі грошы.

25 сакавіка ў Мінску падыходзіць да мяне палкоўнік міліцыі, запытваючы: “Вы Трусаў?” Адказваю яму, што я. Ён мне гаворыць, што мае загад мяне арыштаваць, але з павагі да маёй мовы не будзе мяне арыштоўваць. Паказаў мне дворык, праз які можна выйсці, не патрапіўшы да АМАПу.

Ехаў на маршрутцы ў Магілёў. Спыніліся ў прыдарожнай кавярні ў раёне Бялынічаў. Я замовіў кавы. Я бачу, як кабета пачынае ўсміхацца і адразу размаўляць па-беларуску”.

Такім чынам, не саромцеся размаўляць на роднай мове – вас амаль усюды зразумеюць. Нашыя суайчыннікі жадаюць размаўляць ці хаця б чуць беларускую мову. Да таго ж, падчас апошняга перапісу больш за 80% беларусаў назвалі сваёй роднай менавіта беларускую мову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі