У Міністэрстве эканомікі гаварылі пра "амністыю" ІП

У Міністэрстве эканомікі гаварылі пра "амністыю" ІП

У аўторак, 1 сакавіка, у Міністэрстве эканомікі гаварылі пра "амністыю" індывідуальных прадпрымальнікаў. Там прайшло чарговае пасяджэнне працоўнай групы па пытаннях дзейнасці ІП, якая створаная пра экспертным савеце па развіццю прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі. Як адзначае БЕЛТА, у склад групы дадаткова ўключылі па адным прадстаўніку ад саветаў ІП Мінска і кожнай вобласці. Адпаведны загад выдаў міністр эканомікі з мэтай "больш поўнага разгляду пытанняў, якія хвалююць індывідуальных прадпрымальнікаў".

У сённяшнім пасяджэнні ўдзельнічалі намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч, намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч, намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, намеснік старшыні Дзяржстандарта Сяргей Іўлеў, а таксама Міхаіл Расолька, начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізасобаў Міністэрства па падатках і зборах. Абмяркоўвалася змяншэнне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў, размежаванне памеру штрафаў для юрасобаў і ІП (за згаданыя парушэнні), спрашчэнне працэдуры набыцця дробных партый тавараў. Гаварылі і пра "амністыю" індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ў перыяд з 1 ліпеня 2014-га да 1 студзеня 2016 года здзейснілі парушэнні афармлення і забяспячэння наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавараў.

У выніку, было вырашана працягнуць абмеркаванне на паседжанні працоўнай групы, прызначаным на 9 сакавіка. Напрацаваныя прапановы плануецца вынесці на разгляд Міжведамаснай камісіі па падтрымцы і развіцці малога прадпрымальніцтва пры Саўміне.

Кіраўнік Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" і ўдзельнік працоўнай групы Анатоль Шумчанка ў каментары sputnik.by заявіў, што ўлады адмовілі ІП у амністыі і мікрапартыях. "Улады падставілі канструктыўную частку працоўнай групы, якая верыла ім", — сказаў ён. Шумчанка адзначыў, што прадстаўніца Мінгандлю прапанавала вынесці прапанову па амністыі і мікрапартыях на ўзровень ураду. Але для гэтага патрабуецца заключэнне ўсіх ведамстваў.

Анатоль Шумчанка кажа, што не знайшла падтрымкі і прапанова ІП увесці ніжную мяжу парушэння, пачынаць з папярэджання і штрафу — да 2 млн 100 тысяч рублёў (10 базавых велічынь).

Як паведамляла Еўрарадыё, працоўная група, у якой удзельнічаюць чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрымальнікаў, пачала дзейнічаць у лютым. З пачатку года пачаў дзейнічаць указ кіраўніка дзяржавы № 222, які патрабуе ад ІП мець сертыфікаты на ўсе тавары лёгкай прамысловасці. Яны ж кажуць, што выканаць гэтае патрабаванне немагчыма, частка прадпрымальнікаў спыніла працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі