У Мастацкім музеі паказваюць рыцараў і паненак для Мірскага замка

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава “Мастакі – Мірскаму замку. Працяг традыцыяў”. Яна складаецца з твораў мастацтва, вырабленых беларускімі мастакамі на замову музея для аздаблення інтэр’ераў Мірскага замка. Бо Мірскі замак – філіял мастацкага музею.

У інтэрв’ю Еўрарадыё дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Уладзімір Пракапцоў сказаў:

"Гэтым мы хацелі паказаць па-першае прафесійны ўзровень нашых мастакоў. Таксама паказаны рыцарскія даспехі, кераміка, свержаньскі фарфор. Мы хацелі, каб жахары нашай рэспублікі пабачылі, што нашыя мастакі працягваюць падтрымліваць вось гэтыя найлепшыя традыцыі.

У гэтым годзе плануецца завяршыць музеіфікацыю Мірскага замка, у наступным – Нясвіжскага замка, прынятыя захады па адраджэнню Наваградскага замка, іншыя замкі рэспублікі на падыходзе.

Таму трэба, каб на вопыце музеіфікацыі твораў, якія робяць нашыя мастакі для Мірскага замка, каб ужо сёння нашыя калегі-музейшчыкі ўяўлялі, які прафесійны ўзровень ёсць на Беларусі. Мяркую, што і простым наведнікам нашага музея будзе цікава пазнаёміцца з гэтымі творамі".


Экспанаты можна падзяліць на дзве часткі: наватворы, закліканыя ўпрыгожыць пакоі замка і копіі рэчаў, якія ў розныя часы былі ці маглі быць у замку. Сярод першых – габелены і карціны. Сярод копіяў – адноўленыя талеркі Свержаньскага парцаляну, кераміка, рэканструкцыя шляхетных касцюмаў таго часу, рыцарскіх даспехаў.

Свержаньскі парцалян – гэта ўжо брэнд, вядомая марка. Мануфактуру ў вёсцы Новы Свержань (цяперашні Стоўбцаўскі раён) заснаваў яшчэ Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Яшчэ раней у гэтай вёсцы Радзівіл Сіротка заклаў касцёл, які стаіць і па сёння. Свержаньскія майстры дасягнулі такога майстэрства, што парцалянавыя талеркі і місы праславіліся далёка за межы сённяшняй Беларусі.

На вялікі жаль, у Беларусі захаваліся толькі адзінкавыя ўзоры, прадстаўленыя цяпер у археалагічным музеі Нацыянальнай акадэміі навук. Таму мастаку А. Костку давялося карыстацца імі, а таксама талеркамі, якія захоўваюцца ў Польшчы. І атрымалася годна!..

Пры аднаўленні керамічнага посуду мастак С. Молчан карыстаўся археалагічнымі знаходкамі як у Мірскім замку, гэтак і ў іншых магнацкіх рэзідэнцыях таго часу. Выгляд крылатага гусара аднавілі майстры з мінскай коўні “Стальная спадчына”.

Самыя вялікія экспанаты выставы – габелены: “Уладальнікі замка” (3 х 4,1 м), “Зборы на паляванне” (2 х 6 м), “Паляванне” (2 х 2 м). Усе габелены вырабіла працоўная група з мастакоў Уладзіміра Тоўсціка, Валерыя Даўгалы і Генадзя Жарына. Выткалі габелены на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі.

Адкрыццё выставы прайшло тэатралізавана: танчылі спадары і спадарыні ў старадаўніх касцюмах, гучала жывая музыка тых часоў. Адкрыццё наведалі намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, амбасадары еўрапейскіх краінаў, іншыя вядомыя людзі з творчай інтэлігенцыі.

Выстава працягнецца да 13 красавіка.


Адкрыццё выставы. Прамаўляе дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Уладзімір Пракапцоў


Сучасныя копіі парцаляну са Свержаньскай мануфактуры (1740-я гг.)


Сучасныя копіі парцаляну са Свержаньскай мануфактуры (1740-я гг.)


Сучасныя копіі парцаляну са Свержаньскай мануфактуры (1740-я гг.)


Рэканструкцыя керамікі XVI-XVIII стагоддзя


Рэканструкцыя керамікі XVI-XVIII стагоддзя


Габелен "Уладальнікі замка": Юрый Іллініч, Катажына Радзівіл, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку, Міхал Святаполк-Мірскі. Аўтары габелену -- Уладзімір Тоўсцік, Валеры Даўгала, Генадзь Жарын


Рэканструкцыя лятучага гусара XVII стагоддзя




Рэканструкцыя жаночых сукенак XVIII стагоддзя




Габелен "Зборы на паляванне"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі