У Магілёве суд апраўдаў ахоўніка крамы, які назваў апазіцыянера фашыстам

Суддзя Кастрычніцкага раёна горада Таццяна Міхайлава не ўбачыла ў дзеяннях мужчыны абразы і спыніла справу.

Нагодай для разгляду справы і складання адміністрацыйнага пратакола стаў інцыдэнт у краме “777” па вуліцы Чалюскінцаў, які адбыўся 5 лістапада 2014 года. Тады ахоўнік вырашыў затрымаць Чаравухіна за тое, што ён займаецца распаўсюдам “фашысцкай” газеты “Новы час”.  Расказвае пацярпелы Віктар Чараўхін:

“На такіх людзей, як Прохараў, крыўдзіцца няма прычыны. Яны так інфармаваныя. Так яго выхавалі бацькі і такая ў яго ідэалагічная апрацоўка. Гэты чалавек зацыкліўся на расійскім і беларускім тэлебачанні, таму так разважае. Я на яго не крыўдую. З такімі людзьмі трэба больш працаваць, перавыхоўваць іх, размаўляць з імі”.

Актывіст КХП-БНФ адзначае, што абскарджваць рашэнне суда не збіраецца, бо не бачыць у гэтым сэнсу і марнаваць сілы на аднаго чалавека не хоча. Пра асаблівасці суда распавядае праваабаронца Барыс Бухель:

“Я з такімі людзьмі ніколі не сутыкаўся, а тут убачыў! Чалавек цалкам замбаваны расійскім. Такое ўражанне, што ён грамадзянін не Беларусі, а Расіі. Такое варожае ў яго стаўленне да беларускай мовы, апазіцыі. Рашэнне суду чаканае, тут упершыню ствараўся прэцэдэнт. Мне невядома, каб такі позвы разглядаў суд. Тое, што міліцыя ўпершыню склала пратакол за тое, што ахоўнік назваў актывіста фашыстам, мне таксама невядома”.

Барыс Бухель таксама адзначае, што на судовае пасяджэнне прыйшоў невядомы прарасійскі актывіст, які ўвесь час правакаваў канфлікт, называў апазіцыю фашыстамі. Праваабаронца быў вымушаны звярнуцца да міліцыянта, які папярэдзіў невядомага аб тым, што можа быць выдалены з залы судовага паседжання.

Адзначым, што Віктар Чаравухін распаўсюджвае незалежнае зарэгістраванае выданне “Новы час” ужо не першы год, мае даверанасць на распаўсюд ад рэдакцыі. Нягледзячы на непрыемны інцыдэнт, збіраецца працягваць сваю працу.

Фота: nn.by

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі