У лёхах Глыбоцкай царквы знайшлі савецкія кулі?

У лёхах царквы Раства Багародзіцы ў Глыбокім праваслаўнае брацтва пачало раскопкі. Знайшлі каля 20 шкілетаў з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Валанцёры кажуць, што знайшлі і некалькі савецкіх куляў. Гэта можа сведчыць пра расстрэлы, што маглі праводзіцца ў падзямеллях царквы ў 1939 г. Так гэта ці не, высвятляць спецыялісты з Менску, якія прыехалі сюды.

Плён раскопак - некалькі прадметаў царкоўнага ўжытку і шмат чалавечых астанкаў.



Лёхі царквы пабудаваныя па прынцыпу рымскіх катакомбаў - з нішамі і асобнымі пакоямі па баках і з ўзвышэннем у падалтарнай частцы.



У свой час у падалтарнай частцы знаходзіліся пахаванні фундатараў царквы, а ў бакавых пакоях знаходзіліся пахаванні духавенства.



Падчас паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, знакаміты сваімі крывавымі расправамі граф Мураўёў, празваны "вешальнікам" перарабіў крыпту ў турму, куды саджаў паўстанцаў.

У савецкі час, зважаючы, што ў падзямеллі круглы год трымаецца тэмпература ў +5 - +7 градусаў, мясцовы кансервавы завод захоўваў тут свае вырабы, для гэтага адмыслова быў зроблены падземны ход ад заводу ў падзямелле.

Ёсць у крыпце і свае таямніцы. Вось пад гэтым жалезным штыром, як выявілі спецыялісты з Менску, знаходзіцца пустота, цалкам верагодна, што там ёсць яшчэ адзін паверх падзямелляў.



Царква, пабудаваная ў XVII - XVIII ст., - сапраўдны шэдэўр. У тым ліку дзверы - узор разбянога мастацтва і фасад, якім захапляўся Напалеон.





Інтэр'еры таксама вылучаюцца багаццем дэкору.



Па вінтавой лесвіцы можна падняцца на вежу.



У ёй мы бачым замураваныя байніцы для вядзення боя.



Там жа ёсць спецыяльны калодзеж, куды пад час ваенных дзеянняў скідалі захопнікаў. У калодзежы тырчалі вострыя коп'і, таму вылезці адтуль вораг ужо не мог.



Усе гэтыя абарончыя элементы не зусім адпавядаюць часу і стылю пабудовы, а гэта дае падставу меркаваць, што сённяшняя царква - "добра перапрацаваны матэрыял" ранейшых стагоддзяў. Так гэта ці не - стане вядома па заканчэнні раскопак.

Здымкі аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі