У Літве прапануюць забараніць працу крамаў у выходныя дні

У Літве прапануюць забараніць працу крамаў у выходныя дні

У Літве абмяркоўваюць прапанову забараніць крамам працаваць у выходныя дні і святы.

Гэтую ідэю падтрымалі прафсаюзы краіны, піша ru.delfi.lt. Старшыня Літоўскай канфедэрацыі прафсаюзаў Інга Ругінене нагадала, што ў некаторых іншых краінах да ночы не працуюць не толькі харчовыя, але і іншыя крамы, а зачыняюцца а 18-й гадзіне.

Кіраўнік прафсаюза работнікаў сферы паслуг Аляксандр Посахаў назваў піярам заявы, быццам работнікі крамаў у святы і выходныя зарабляюць больш. "Не спяшаецца ім ніхто ўдвая плаціць, даюць дзень або два выходных", — патлумачыў ён. 

Старшыня Літоўскага прафсаюза работнікаў харчовай прамысловасці Гражына Груздзене папракае гандлёвыя цэнтры ў тым, што яны не дзеляцца сваімі прыбыткамі з работнікамі і інвестуюць сродкі — пры гэтым нават не ў Літве. Яна прапануе мяняць палітыку заробкаў і павышаць штрафы працадаўцам за парушэнне працоўнага рэжыму, каб штраф залежаў ад абароту. 

Ці забараніць працу гандлёвых цэнтраў у святы і нядзелі, парламент Літвы павінен вырашыць увосень 2018 года. У чэрвені парламент ухваліў у першым чытанні папраўку да Працоўнага кодэкса, згодна з якой з 2019 года крамы не будуць працаваць па святах і ў апошнюю нядзелю месяца. 

Дарэчы, аналагічныя змены ў закон нядаўна прынятыя ў Польшчы. З сакавіка 2018-га да канца года крамы там могуць працаваць толькі два нядзельныя дні ў месяц, з 2019-га — толькі адзін, а з 2020 года па нядзелях крамы працаваць не будуць зусім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі