У Літве піць піва можна з пакета, а ў Польшчы ― гуляць з адкрытай бутэлькай

А штрафы за распіванне піва ў суседніх краінах меншыя, чым у Беларусі У Польшчы забарона спажывання любых спіртных напояў на вуліцы ўжо даўно нікога не здзіўляе. Час ад часу знаходзяцца аматары выпіць пенны напой на свежым паветры ці ў грамадскім транспарце, праўда за такія паводзіны яны рызыкуюць атрымаць штраф памерам каля 30 долараў, даведалася Еўрарадыё ў Сталічнай паліцэйскай камендатуры Польшчы.

Супрацоўніца камендатуры: “У нас забаронена спажываць алкаголь на вуліцы. Для гэта ёсць вызначаныя месцы – бары, пабы, кавярні. А на вуліцы гэтага рабіць нельга, таму што іх аштрафуюць на 100 злотых”.

У той жа час проста адкрытая бутэлька спіртнога ў вашых руках яшчэ не прычына для штрафу. Паліцыянты будуць мець да вас прэтэнзіі толькі тады, калі “зловяць на гарачым” – то бок пабачаць, што вы п’еце на вуліцы.

А вось лонданская паліцыя не зверне на вас увагі нават і ў гэтым выпадку. У сталіцы Туманнага Альбіёна можна адначасова піць піва і, напрыклад, любавацца Біг Бэнам, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе паліцыі Лондана.

Супрацоўніца прэс-службы паліцыі Лондана:
“У дадзены момант у горадзе няма забароны спажывання алкаголю на вуліцы. Але канешне гэта залежыць ад таго, як сябе паводзяць такія асобы. Калі яны п’юць піва і пры гэтым парушаюць парадак, то гэта ўжо іншая справа”.

Аднак у некаторых мясцовасцях Вялікабрытаніі ёсць і так званыя “вольныя ад алкаголю зоны”. Памер штрафу ў такой зоне можа дасягнуць нават 80 фунтаў – то бок каля 380 тысяч рублёў. Калі ў нейкай мясцовасці п’янства з’яўляецца істотнай сацыяльнай праблемай, то самі жыхары разам з паліцыяй і мясцовымі ўладамі вырашаюць увесці забарону.

Калі ж пасядзелкі на свежым паветры са спіртным нікому ў наваколлі не перашкаджаюць і ўсе ўдзельнікі паводзяць сябе прыстойна, то і абмяжоўваць іх ніхто не будзе.

Спакойна піць піва на вуліцы можна і ў Чэхіі. А вось у Германіі такія паводзіны палічаць некультурнымі, аднак штрафаваць не будуць. А каб выпіць піва на вуліцы ў Літве, трэба будзе схаваць бутэльку у непразрысты пакецік, патлумачылі Еўрарадыё ў прэс-службе літоўскай паліцыі.

Супрацоўнік прэс-службы: “Калі ты п’еш і гэта нікому не перашкаджае, ніхто не бачыць цябе, калі ты п’еш у пакеціку і гэта нікога не абурае, то тады адказнасці за гэта няма”

Аднак калі пакеціка пад рукой не знайшлося, то за распіванне алкаголю паліцыя можа вынесці вам папярэджанне або аштрафаваць на суму ад 30 да 50 літаў (прыкладна 15-20 долараў). Калі ж зловяць са спіртным другі раз за год, штраф дасягне 50 долараў. Найбольш злосныя парушальнікі, якіх зловяць у трэці раз, заплацяць ажно 150 долараў або адправяцца на месяц у турму.

Арыштоўваць за піва ў Беларусі вас, вядома, не будуць, аднак і непразрысты пакецік ніякай палёгкі не зробіць, паведаміў Еўрарадыё загадчык Упраўлення прафілактыкі ЎУС Брэсцкага аблвыканкама Віктар Мельнікаў.

Віктар Мельнікаў: “Няма ў нас такога паняцця ― у пакеціку піва ці не. У законе ясна напісана: распіванне піва і слабаалкагольных напояў. Няма каментароў і тлумачэнняў, што дазваляецца піць піва, якое ў пакеце”.

Аднак калі цвярозага чалавека заўважаць з бутэлькай у пакеціку, то па словах Віктара Мельнікава, штрафаваць адразу не будуць, а спачатку толькі папярэдзяць. Нагадаем, з 23 лютага ў Беларусі забаронена піць піва на вуліцы. За гэта могуць аштрафаваць на 280 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі