Вы тут

У лесе пад Рагачовам у зямлянцы затрымалі мужчыну, які "партызаніў" 6 гадоў

Лясная "база" нелегала / МУС

У лесе пад Рагачовам у зямлянцы затрымалі мужчыну, які 6 гадоў знаходзіўся на нелегальным становішчы. Такім чынам ён спрабаваў пазбегнуць пакарання за крадзяжы.

Як інфармуе ў Telegram прэс-служба МУС, гэтая крымінальная гісторыя пачалася ў 2013 годзе. Міліцыя выйшла на 47-гадовага жыхара Рагачоўскага раёна, якога падазравалі ў крадзяжах на лецішчах і ў вясковых дамах. Але ён раптоўна знік, а крадзяжы спыніліся. Праз некалькі месяцаў з дамоў зноў пачалі знікаць рэчы — посуд, адзенне, сродкі гігіены, батарэйкі, ліхтарыкі, радыёпрыймач, прадукты харчавання. Аператыўнікі прыйшлі да высновы, што злодзей дзесьці жыве аўтаномна, далёка ад людзей. Знайсці яго ўдалося толькі цяпер.

Паляўнічы распавёў участковаму міліцыянеру, што сустрэў у лесе невядомага мужчыну з роварам. А грыбнікоў у тых месцах не бывае. Міліцыянер вырашыў праверыць на месцы інфармацыю. Ён прайшоў па лесе 4 кіламетры, калі знайшоў... зямлянку. Унутры на ложку спаў "партызан" — мужчына ў бушлаце і шапцы. У ім участковы пазнаў вяскоўца, які знік 6 гадоў таму. Мужчына быў затрыманы, яго завезлі ў Рагачоў.

Па словах затрыманага, спачатку ён з'ехаў у Расію, дзе нелегальна працаваў. Аднак за працу яму не заплацілі, і вясковец вярнуўся ў родныя месцы. Ён пабудаваў у лесе жыллё і забяспечваў сябе начнымі крадзяжамі. Ежу гатаваў на вогнішчы ці на газавай гарэлцы. З людзьмі размаўляў толькі  калі хадзіў на бераг Дняпра, дзе былі незнаёмыя рыбакі. Таксама слухаў радыёпрыймач.

У крымінальных справах мужчыны больш за 40 эпізодаў крадзяжоў, якія адбыліся ў Рагачоўскім і Жлобінскім раёнах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.