У Крычаўскім раёне мужчына пасля сваркі падпаліў сябе
Вечарам 22 верасня крычаўскім ратавальнікам паведамілі пра мужчыну, які паступіў у лякарню з тэрмічнымі апёкамі.
24-гадоваму мужчыне паставілі дыягназ "тэрмічныя апёкі 2-й і 3-й ступені 25% цела", паведамляе сайт МНС.
Як высветлілася, каля шостай гадзіны вечара мужчына быў на лецішчы разам з сужыцелькай. Па яе словах, малады чалавек быў нецвярозы, пасварыўся з ёй і выйшаў з хаты.
Праз некалькі хвілін жанчына, якая заставалася ў доме, пачула крык. Выбегшы з хаты, яна пабачыла, што мужчына ляжыць на зямлі ў гародзе і на ім гарыць вопратка. Яна выліла на яго вядро вады, пагасіла агонь і выклікала "хуткую".