У кавярнях стала болей выклікаў міліцыі з-за дэбашыраў?

У кавярнях стала болей выклікаў міліцыі з-за дэбашыраў?

У канцы жніўня міністэрства гандлю зніжае максімальную гандлёвую надбаўку на алкаголь у кавярнях і рэстаранах. Цяпер надбаўка не можа перавышаць 24%, раней магла дасягаць і 150%.

Алкаголь патаннеў ў два разы, у меню — амаль нічога таннейшага за беларускі алкаголь, акрамя акрайчыка хлеба.

У рэстаранах сталі часцей заказваць моцныя напоі. І нібыта стала больш дэбашыраў. Кажуць пра гэта уладальнікі ды адміністратары кавярань неахвотна. Але многія прызнаюць: міліцыю сталі выклікаць часцей.

“У нас у два разы павялічылася спажыванне алкаголю. Як у бутэльках гэта адбіваецца? Ну вось глядзіце, кампанія з чатырох чалавек раней заказвала дзве бутэлькі, а цяпер чатыры”, — распавядаюць Еўрарадыё ў адным з рэстаранаў у Партызанскім раёне сталіцы.

Аднак прэс-сакратар Мінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Ластоўскі не заўважае нейкага ўсплёску выклікаў міліцыі ва ўстановы грамадскага харчавання.

“Гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы… Я не скажу, што неякі быў усплёск — недзе больш выклікаюць, а недзе ўвогуле няма яго. Не вядзецца размоваў, каб звярнуцца ў Мінгандаль для адмены забароны на павышэнне нацэнкі”, — кажа Аляксандр Ластоўскі Еўрарадыё.

Як паведамілі Еўрарадыё ў прэс−службе Мінгандлю, адмяняць пастанову пра абмежаванне нацэнкі на айчынны алкаголь не плануецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі