У кавярнях і рэстаранах выбар алкаголю павялічыцца ў два разы

Міністэрства гандлю Беларусі прыняла новы асартыментны пералік для аб'ектаў грамадскага харчавання. Згодна з ім павінен пашырыцца выбар алкаголю.

Кавярні, бары і рэстараны ўсіх класаў павінныя ўдвая павялічыць колькасць пазіцый па алкаголі, перадае tut.by. Па астатніх тыпах аб'ектаў асартымент алкаголю будзе пашыраны ў 1,5 разу.

Так, кавярня вышэйшага класа, якая мае дазвол на гандаль алкаголем, абавязаная мець у асартыменце 54 віды спіртных напояў, у тым ліку 23 разнавіднасці гарэлкі, 8 — каньяку і (або) брэндзі, 7 відаў лікёра-гарэлачных вырабаў, 8 варыянтаў шампанскага або пеністага віна і столькі ж — вінаградных вінаў.

Крамы нароўні з вінаграднымі вінамі цяпер павінныя будуць прадаваць пладовыя і фруктова-ягадныя.

Дарэчы, на мінулым тыдні Мінгандлю таксама зменшыў максімальную гандлёвую нацэнку на беларускі алкаголь крэпасцю звыш 28% у аб'ектах грамадскага харчавання. Цяпер яна не павінная перавышаць 60%. Гэтая мера дазволіць знізіць кошты на айчынныя спіртныя напоі ў кавярнях і рэстаранах.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі