У канадскай правінцыі адмянілі дрэс-код з высокімі абцасамі

Правінцыя Брытанская Калумбія ў Канадзе адмяніла жорсткія патрабаванні дрэс-коду, паводле якіх жанчыны павінны былі насіць высокія абцасы на працоўным месцы. Урад правінцыі заявіў, што такія патрабаванні носяць дыскрымінацыйны характар, а таксама могуць пагражаць здароўю і бяспецы.

Чыноўнікі перакананыя, што жанчыны на высокіх абцасах рызыкуюць атрымаць траўму — упасці і пашкодзіць ногі і спіну.

Абутак павінен быць такім, каб людзі маглі працаваць у ім бяспечна, гаворыцца ў пастанове ўраду Брытанскай Калумбіі.

Патрабаванне насіць абцасы — на Канскім кінафестывалі або на працоўным месцы — апошнім часам стала прадметам жорсткіх спрэчак, паведамляе ВВС. У Брытаніі цяпер разглядаюць магчымасць прыняцця закону, які забароніць працадаўцам патрабаваць ад жанчын датрымання дыскрымінацыйнага дрэс-коду.