Вы тут

У Калодзішчах міліцыя падчас ператрусу забрала кнігу Святланы Алексіевіч

Якая менавіта кніга нобелеўскай лаўрэаткі не спадабалася міліцыянерам, пакуль невядома / Ілюстрацыйнае фота pro-books.ru

36-гадовую жыхарку Калодзішчаў Наталлю Івяндзікаву асудзілі на 6 сутак арышту за бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвах. Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі кнігу нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч (якую менавіта, пакуль невядома), паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae.

4 чэрвеня Івяндзікаву міліцыя затрымала па дарозе на працу і павезлі дахаты праводзіць ператрус. Сілавікоў было 8 чалавек! Паведамляецца, што ператрус праходзіў без панятых на працягу двух з паловай гадзін. У жанчыны і яе мужа забралі ўсю тэхніку, кнігу і БЧБ-стужкі. Міліцыянеры шукалі і бел-чырвона-белы сцяг, але не знайшлі. Пратакол склалі за "несанкцыянаванае пікетаванне".

Падставай для затрымання і ператрусу жыхаркі Калодзішчаў сталі БЧБ-стужкі, якія жанчына нібыта развешвала на дрэвы а 6-й раніцы 4 чэрвеня. Міліцыянт "Неўскі" асабіста з'явіўся ў суд Мінскага раёна, каб сведчыць супраць Наталлі Івяндзікавай. Паводле яго слоў, ён "бачыў Івяндзікаву раніцай на месцы здзяйснення правапарушэння, але не фатаграфаваў яе дзеянні і правапарушэнне не спыняў".

Жанчына сваю віну не прызнала. Яна заявіла, што а 6-й раніцы спала і нікуды не выходзіла з хаты. Гэта пацвердзіў і яе муж. Але суддзя Вадзім Казей палічыў віну жанчыны цалкам даказанай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.