У кабіне самалёта ТУ-154, які разбіўся пад Смаленскам, быў невядомы чалавек

Акрамя галасоў двух пілотаў, навігатара і механіка, якія знаходзіліся ў кабіне самалёта Леха Качыньскага, запісаліся словы нейкай пятай асобы. Пра гэта неафіцыйна даведалася польскае радыё RMF FM у пракуратуры, якая праводзіць расследванне. Пакуль невядома, хто ўваходзіў у кабіну пілотаў перад трагедыяй. Не выключана, што гэта магла быць сцюардэса ці нехта з пасажыраў. У кожным разе, пілоты не мелі права сядаць пры такіх умовах надвор’я, паведаміў RMF FM Кіраўнік Аддзелу навучання польскіх паветраных сілаў Анатоль Чабан:

Анатоль Чабан: “Калі ўмовы сапраўды былі такія, як падцвярджаюць апошнія звесткі, то бок калі бачнасць была менш за 500 метраў, гэта былі ўмовы ніжэй за мінімальна дапушчальныя. А значыць, рашэнне пілота сядаць было няслушным”.

Па словах сп.Чабана, пілоты ТУ-154 маглі атрымаць інфармацыю пра неспрыяльныя ўмовы для пасадкі з трох крыніц: з кантрольнага пункта на тэрыторыі Беларусі, са смаленскага аэрапорта "Северны", а таксама ад каманды самалёта "Як", які сядаў за гадзіну перад трагедыяй. Да таго ж, у апошнія хвіліны перад аварыяй у кабіне ТУ-154 уключылася не проста папярэджанне, а аварыйная сігналізацыя. Чаму пілоты яе праігнаравалі, дагэтуль невядома.

Польскія харцэры наткнуліся на рэчы ахвяр катастрофы

Група 50 харцэраў з Польшчы, якая некалькі дзён таму наведвала месца катастрофы самалёта Ту-154 пад Смаленскам,  знайшла дакументы, кашалькі ды рэшткі адзення ахвяр катастрофы. Пра гэта піша на старонцы польскага партала TVN24 адзін з удзельнікаў экскурсіі. Па словах харцэраў, усе гэтыя рэчы валяюцца на зямлі, якую нават не агарадзілі. 

Там няма ніякіх службаў. Мы бачылі толькі нейкія часткі агароджаў. На месцы ёсць нейкія расіяне, якія збіраюць рэчы ахвяраў у торбы. Калі яны нас пабачылі, то адразу адышлі”- перадае словы каменданта харцэрскага атрада Альберта Васькевіча TVN24.

Удзельнікі экскурсіі таксама зрабілі на месцы катастрофы фотаздымкі:





У адказ на просьбы харцэраў, польскі міністр юстыцый  Кшыштаф Квяткоўскі паабяцаў журналістам разабрацца з сітуацыяй.

Кшыштаф Квяткоўскі: "Я адразу пафінфармаваў пра гэта генеральнага пракурора Анджэя Сэрэмэта і галоўнага ваеннага пракурора. Яна зараз знаходзяцца з візітам у Маскве і я папрасіў іх умяшацца, каб месца катастрофы зноў даследвалі і агарадзілі".


Фота: xronika.az, tvn24.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі