Вы тут

У Іране за апошнія суткі пратэстаў загінулі 10 чалавек

Фота: Reuters

У Іране за апошнія суткі антыўрадавых пратэстаў загінулі 10 чалавек. Гэтая лічба была названая дзяржаўным тэлебачаннем гэтай краіны. Аднак не ўдакладняецца, дзе і калі загінулі людзі. “Бі-Бі-Сі” адзначае, што з пачатку вулічных акцый пратэсту загінулі ўжо не менш за 12 чалавек.

Нягледзячы на заклікі прэзідэнта Ірана Хасана Рухані, акцыі не спыніліся і ў навагоднюю ноч. Улада прызнае наяўнасць сур’ёзных праблем у эканоміцы, пашырэнне карупцыі. Можна меркаваць, што гэта і ёсць прычыны выступленняў у Тэгеране і шэрагу буйных гарадоў, і яны перакінуліся ўжо на невялікія гарады. У сталіцы паліцыя разганяла натоўп пратэстоўцаў з дапамогай вадамётаў і слёзацечнага газу. Улады збіраюцца і далей жорстка рэагаваць на “масавыя беспарадкі”. За кратамі апынуліся ўжо не менш за 400 чалавек. У Іране працягваецца блакаванне акаўнтаў у сацcетках, якія, нібыта, могуць выкарыстоўвацца для арганізацыі пратэстаў.

Адзначаецца, што ў пратэстах удзельнічаюць маладыя мужчыны, якія не задаволеныя ўладай (за апошняе дзесяцігоддзе сярэдні іранец збяднеў на 15%). У іх няма яркіх лідараў — улады альбо кідаюць такіх асоб за краты, альбо высылаюць з краіны.