У імкненні стаць больш масавай “Будзьма!” ўзяла курс на пашырэнне

Пасля амаль двух гадоў паспяховай дзейнасці агульнанацыянальная грамадская культурніцкая ініцыятыва “Будзьма!” нечакана заявіла пра змены ў падыходах да працы і метадаў вядзення кампаніі. І гэта пры тым, што да сённяшняга дня метады “Будзьмы” не толькі не выклікалі нейкай адмоўнай рэакцыі, але і мелі значны плён.

Прынамсі, паводле словаў каардынатаркі кампаніі Ніны Шыдлоўскай.

Ніна Шыдлоўская:
“Значную частку ўвагі мы аддаем літаратурным імпрэзам. Гэта больш за 500 сустрэчаў, на якіх прысутнічала больш як 24 тысячы чалавек. У гэтых сустрэчах удзельнічала больш за 69 пісьменнікаў. Відавочна, самым значнымі, уплывовымі мерапрыемствамі, якія маюць найбольшы рэзананс, з’яўляюцца канцэрты як асобных музыкаў, так і гуртоў”.



А былі яшчэ такія мерапрыемствы як шоў, курсы беларускай мовы, выставы, супольныя і спецыяльныя праекты накшталт “Тузін. Перазагрузка”, “Белая яблыня грому” ды іншыя. Прычым увага акцэнтавалася на тым, каб праводзіць гэтыя імпрэзы ў рэгіёнах.

Усё гэта, кажа каардынатар кампаніі Алена Макоўская, дало магчымасць згуртаваць людзей, якія цікавяцца беларускай культурай. Зараз жа прыйшоў час прыдумаць, якім чынам максімальна пашырыць кола такіх цікаўных.

Алена Макоўская:
“На што мы будзем рабіць акцэнт у нашай працы ў гэтым годзе — актыўная супраца з трэндсетэрамі і лідэрамі субкультур. Арыентацыя — на праекты, якія маюць патэнцыял стаць папулярнымі сярод шырокага кола грамадскасці. Гэта адкрытасць і публічнасць мерапрыемстваў кампаніі “Будзьма!”. Дзейнасць “Будзьма!” карысна для краіны і грамадства. Таму — пабудова канструктыўных стасункаў з дзяржаўнымі ўстановамі ёсць для нас прыарытэтам. Мы разлічваем на партнёрскія стасункі і з Мінкультам, і з Мінадукацыі, і з Мінспорту. І вельмі важнай будзе супраца з прэсай”.



А яшчэ адзін каардынатар кампаніі, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, пералічыў бліжэйшыя мерапрыемствы, арганізаваныя “Будзьмай!”

Ігар Лялькоў:
“У клубе “Рэактар” пройдзе дастаткова нестандартнае мерапрыемства — дабрачынны канцэрт “Добры фэст”. Мы лічым, што гэтым мерапрыемствам мы надаем новы акцэнт нашай кампаніі. Мы хочам пераканаць людзей, што быць беларусам — гэта не толькі ганарыцца сваёй мовай, культурай, гісторыяй: гэта яшчэ і быць адказным. За сябе і за тых, каму патрабуецца твая дапамога. Усе сродкі ад фэсту пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў Чэрвеньскага дома-інтэрната”.



А на наступны дзень там жа пройдзе канцэрт, прысвечаны… літары “Ў”. Ужо і песня пра гэтую ўнікальную літару напісаная, і кліп шыкоўны на яе здымаецца. А выхад кампаніі на міжнародны ўзровень будзе адзначаны ўдзелам у фэсце “Be2gether”. Таксама будуць паштоўкі з “маркёрамі” беларускай спадчыны — такімі як Уладзімір Мулявін, “Ў”, крылатыя гусары Вялікага княства Літоўскага і гэтак далей.

Удзельнік праектаў “Будзьмы!” літаратар Уладзімір Арлоў прапанаваў кампаніі правесці мастацка-літаратурны конкурс для дзяцей на тэму “Пяць рэчаў, якія сведчаць, што мы беларусы”.



А спявак Зміцер Вайцюшкевіч пахваліўся, што дзякуючы “Будзьме!” аб’ехаў ледзь не ўсю Беларусь.

Зміцер Вайцюшкевіч:
“Я праехаў 25 краін з канцэртамі. У той жа час, у Копысе, у Гарадку ці дзесьці там у Друве, куды не кожная птушка даляціць, я выступаў!”



Крыху астудзіў імпэт першых асоб “Будзьмы!” вакаліст гурта “Da Vinci” Дзяніс Дудзінскі. Кажа, калі мяняць стратэгію кампаніі, то ў бок арганізацыі грандыёзных мерапрыемстваў: да прыкладу — канцэрт “Rammstein” з беларускімі гуртамі на “разагрэве”. А замест Мулявіна на паштоўках трэба паказаць выявы карцін вядомых мастакоў у незвычайнай апрацоўцы.

Дзяніс Дудзінскі:
“Да прыкладу, узяць карціны Рэмбранта — і апрануць яе ў беларускую вопратку. Тут табе і інтэграцыя ў сусветную культуру, і элементарны момант беларусізацыі”.



Праўда, адразу заўважыў, што праект “Тузін. Перазагрузка”, дзе небеларускамоўныя гурты выканалі свае хіты па-беларуску, яго вельмі ўразіў. І прызнаўся, што калі знойдзецца нехта, хто напіша тэксты да іх песень на мове, то “Da Vinci” гатовыя запісаць беларускамоўны альбом.

Каардынатары “Будзьмы!” са свайго боку запісалі ўсе прапановы і паабяцалі, што абавязкова “ўпішуць” іх у сваю “новую стратэгію”.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі