У імкненні да сваёй мэты нельга пераломваць жыццё і характары іншых людзей

Аляксандр Патліс, былы вакаліст гурта Новы Іерусалім выдае свой першы сольны альбом.
29 красавіка музыка запрашае на аўтограф-сесію ў краме “Містэрыя Гука” на вуліцы Сурганава ў гандлёвым цэнтры “Рыга”, дзе пакажа некалькі новых песень. Прэзентацыя альбома адбудзецца 15 траўня у клубе “Міленіум”.
Пакуль жа артыст распавядае Еўрарадыё пра тое, як рыхтаваўся новы альбом, пра маладых музыкаў, якія яго натхняюць, разважае пра сучасную моладзь, распавядае пра незвычайную фотасесію, якую зрабіў для вокладкі новага альбома, выказвае свае здагадкі наконт місіі музыкі.

ЕРБ:
Ваш першы сольны альбом называецца “Второе Дыхание”. Гэта вашы адчуванні пасля сыходу з “Новага Іерусаліму”?

Аляксандр Патліс: Так. Таму што нешта здарылася ў маім жыцці і я мусіў працаваць сольна. Спачатку мне было страшна, я хваляваўся, але мяне ратавала тое, што я заўсёды бачыў перад сабою мэту. Мне дапамагала біблія. Нават у сябе на кухні я да лядоўні прымацаваў цыдулку са словамі – “Гасподзь сам пойдзе перад табою. Сам будзе з табою, толькі не бойся і не кідайся ў жах. Ён не пакіне цябе.”

Гэтыя словы ратавалі мяне кожную раніцу. Я глядзеў на іх і разумеў, што Бог прадугледзеў для мяне шмат рэчаў у жыцці, што ён дасць мне сілы і дапаможа выйсці з сітуацыі, у якой я апынуўся. Я маліўся і прасіў Бога, каб ён падказаў мне правільныя словы і ідэі для маіх песень. Часам у мяне нараджаліся некалькі радкоў, і ўжо з іх я раскручваў песню, як маток нітак, думаючы над словамі.



ЕРБ: Вы пакінулі гурт “Новы Іерусалім”. Хто з Вамі цяпер?

А.П.: Са мной працуюць цудоўныя музыкі! Гэта таленавіты клавішнік-аранжыроўшчык Барыс Ідзельчык, бас гітарыст Ілья Іваноў, Толя Каляда, бубнач. Толю ў музычнай тусоўцы ведаюць як Тофіка. Мы завем яго “Айцец Анатолій”. Тофіку ўжо сорак год і ў яго нават унук ёсць.

Шыкоўны музыка. Але з намі ёсць і зусім маладыя людзі. Гэта Макс Максімаў, які займаецца праграмінгам, і вельмі таленавіты малады музыка – Віталь Вячэрскі. Дарэчы, Віталь прыклаў сваю руку да паловы песень новага альбома. Мне вельмі падабаецца такое спалучэнне пакаленняў. У такой кампаніі я не хвалююся за творчыя паўзы ці крызісы.

ЕРБ: Веруючы людзі ўвогуле смерці не баяцца, не тое, што творчай.

А.П.: Так. Гэта праўда.Калі ты ўжо сёння ведаеш тое, што сваю вечнасць ты правядзеш у правільным месцы, якое для цябе падрыхтаваў той, хто цябе сапраўды любіць, то баяцца смерці няма сэнсу. Бо смерць, гэта звычайны пераход і нічога больш.

ЕРБ: Ну так! Але ўсё роўна шкада жыцця. Хочацца ўсё паспець, а жыццё раз – і аднойчы спыняецца!

А.П.: Так жыццё ў любым разе спыніцца рана ці позна. Таму сённяшні дзень гэта самае лепшае, што ёсць у кожнага з нас, і менавіта сёння трэба ўжо нешта рабіць, каб у цябе была спакойная старасць. Сёння ўжо трэба жыць так, каб у вечнасці, калі ты прыйдзеш туды, Бог не сказаў табе, маўляў, ну што, стары, ты жыў няправільна і я не магу для цябе нічога зрабіць.
Давайце памятаць пра тое, што ёсць рэчы, якія мы ўсё роўна ніколі не возьмем з сабою ў вечнасць, а каханне, дабро, радасць і павага, напэўна вера, спачуванне, літасць – гэта тыя рэчы, якія робяць чалавека чалавекам і Божым стварэннем. Разважанні пра гэта змяняюць мяне.

ЕРБ: А Вашы песні змяняюць людзей? Ці адбываліся з імі нейкія цудоўныя гісторыі?

А.П.: Адбываліся. Мне падаецца, што музыка — гэта чалавек, які транслюе нейкую думку, гэта своеасаблівы прарок, які прадказвае будучыню. Музыка мае пэўную містычную сілу, я веру ў гэта. З нашымі песні, такія як “Божий дизайн” ці “Любовь в ладонях” адбываліся дзіўныя рэчы. Скажам песня “Любовь в ладонях” ратавала пары ад разводу. Былі такія людзі, якія пасля канцэрту нам пра гэта распавядалі. Мне падаецца, што Бог праз гэту песню размаўляў з імі і выратаваў іх каханне.

Вельмі радасна ведаць, што твая музыка не проста падабаецца слухачам, не проста гучыць у эфіры, а выконвае больш глыбокую місію. Мае слухачы пішуць мне, што мае песні, словы натхняюць іх на жыццё і мары, даюць надзею. Такіх лістоў у мяне шмат.

Ёсць песня такая ў нас - “Божий дизайн “, мы яе яшчэ ў 1997 годзе выконвалі з Новым Іерасулімам, якая стала важнай для адной эмігранцкай сям’і ў Сіэтле. Жанчына, калі была цяжарнай, прачытала, што для таго, каб дзіця магло разумець розныя мовы, яму трэба спяваць розныя песні, пакуль яно яшчэ не нарадзілася. Адну песню жанчына спявала на англійскай мове, а другую нашу - “Божий дизайн”.

Калі дзіця нарадзілася, яно мела нейкія фізічныя недахопы, не прымала ежу і не адкрывала вочы. Аднойчы жанчына спела яму “Божий дизайн” і хлопчык пачаў есці і ў яго адкрыліся вочкі! Такі вось цуд. Я не ведаю, як гэта патлумачыць, але я веру, што музыка нясе пэўную энергетыку, выклікае эмоцыі, яна мае сілу, там што прыходзіць з нябачнага свету, са свету духоўнага.

ЕРБ: Ёсць меркаванне, што сучасная моладзь страчвае духоўнасць. Вы працуеце з маладымі людзьмі, што вы думаеце пра іх?

А.П.: У мяне дома дзяўчынка-падлетак, якой 17 год ідзе і, назіраючы за ёй, я бачу сябе. Калі табе 16-18, ты думаеш, што ты самы разумны ў гэтым свеце, што твае бацькі “калгаснікі” і нічога не разумеюць, што ты такі мудры, прасунуты і адукаваны. Але... з цягам часу ты пачынаеш разумець, што ў некаторых момантах ты памыляўся. Самае жудаснае, гэта калі ўзрост прыходзіць асобна без мудрасці.

Я працую з маладым пакаленнем і бачу, што яны амбіцыёзныя, таленавітыя, але ў мяне ёсць творчы нюх на ўзроўні інстынкту. Калі маладыя мае калегі кажуць мне што і як рабіць, я ўсё ж такі абапіраюся на свой нюх і звычайна не памыляюся. Але яны шмат чаму мяне вучаць. Скажам, смеласці і настойлівасці.



Напрыклад, для вокладкі новага альбома калегі прапанавалі мне зрабіць здымкі пад вадой. Я вельмі хваляваўся і вагаўся, бо фатограф, з якім мы працавалі, таксама не быў упэўнены ў тым, што мы атрымаем тое, што хочам. Але хлопцы настаялі, і я перастаў баяцца магчымай страты вялікіх грошаў, бо мы арэндавалі басейн, фотаабсталяванне і г.д.

Я быў гатовы здацца, але маладая вера маіх калег мяне натхніла! Бо мы, дарослыя людзі, часта нечага дасягаем і разнявольваемся. Нам камфортна на тым узроўні, дзе мы спыніліся. Моладзь жа прагне развіцця. Ім усё цікава. Карацей, пасля таго, як я правёў шэсць гадзін пад вадой, адзін здымак з цэлай сотні ўсё ж такі атрымаўся, і ён стане вокладкай альбома. Гэта ўсё дзякуючы настойлівасці маіх маладых калег.



Я хачу сказаць, каб людзі не крытыкавалі маладое пакаленне. Яны проста іншыя і гэта не значыць, што яны горшыя за нас. Не! Але я ім заўсёды нагадваю, што ў імкненнях да сваёй мэты нельга пераломваць жыццё і характары іншых людзей, а трэба звяртаць на іх увагу. Тады аднойчы нехта зверне ўвагу на цябе і дапаможа табе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі