Вы тут

У Гомелі будуць судзіць мужчыну, які падпаліў аўто міліцэйскага начальніка

Жыхара Гомеля абвінавачваюць у падпале аўтамабіля аднаго з начальнікаў гомельскай міліцыі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Жыхара Гомеля абвінавачваюць у стварэнні экстрэміцкага фарміравання, здзяйсненні акта тэрарызму і яшчэ шэрагу злачынстваў. Абвінавачванне яму прад'явілі па чатырох артыкулах КК РБ, расказалі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Справу мужчыны перадалі ў суд. Яму 33 гады. Паводле версіі следства, гамяльчук стварыў Telegram-канал, дзе "схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці, спрыяў навучанню і падрыхтоўцы да такой дзейнасці". Telegram-канал у выніку пазней прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.

Акрамя таго, кажуць у пракуратуры, абвінавачаны ў лістападзе 2021 года пашкодзіў 76 шын у 39 тралейбусах на стаянцы ў парку і "тым самым стварыў небяспеку наступлення цяжкіх наступстваў у форме гібелі людзей і прычынення ім цялесных пашкоджанняў".

Яшчэ адзін эпізод звязаны з аўтамабілем аднаго з начальнікаў гомельскай міліцыі. Паводле версіі следства, мужчына абліў аўтамабіль гаручай вадкасцю і падпаліў.

Справу вяло рэгіянальнае ўпраўленне КДБ. Увесь гэты час з моманту затрымання гамяльчук знаходзіцца пад вартай. Пра яго ў канцы мінулага года казаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці. Пра мужчыну таксама вядома, што ён грамадзянін Расіі, мае від на жыхарства ў нашай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.