У футбольную зборную Беларусі гульцоў запрашаюць праз “Вконтакте”?

У футбольную зборную Беларусі гульцоў запрашаюць праз “Вконтакте”?

Футбольны агент Валерый Ісаеў публікуе на старонцы ў Facebook скрын перапіскі свайго падапечнага Іллі Шкурына з прадстаўніком юнацкай зборнай Беларусі Іванам Крутавым. Дыялог адбываецца ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, у ім цяперашняму гульцу клуба “Віцебск” прапануюць выступіць за зборную.

“Хачу падзяліцца радасцю юнага футбаліста, — аздобіў скрын каментарыем Валерый Ісаеў. — Хлопец на радасці скінуў мне запрашэнне ад нейкага Івана Крутава ў зборную. Праўда, незразумела, якую зборную і якой краіны. Я з'яўляюся агентам хлопца і не падзяліў з ім радасці з-за формы запрашэння ў зборную краіны. Хто гэты чалавек? І чаму ён у сацыяльнай сетцы запрашае ў зборную? А што галоўнага трэнера ў гэтай зборнай няма? А што ў гэтага трэнера няма тэлефона? І няма розніцы, якога хлопца паклікалі. Запрашаюць жа ў зборную краіны! А потым мы здзіўляемся, чаму гульцы зборных не дастаткова патрыятычныя. Гэта бязладдзе!”

Малады футбаліст на радасцях дае згоду, нават не распытваючы пра акалічнасці прапановы. Але яго агент не адабрае такога падыходу і вырашае не выходзіць на сувязь з прадстаўніком зборнай.

“Зразумела, што 21 стагоддзе і ёсць рэчы, якія ідуць наперад, — каментуе сітуацыю Еўрарадыё Валерый Ісаеў. — Але ёсць рэчы, якія проста не з гэтай оперы. Якая розніца, было б гэта СМС, допіс “Вконтакте”, Facebook ці іншай сацыяльнай сетцы. Чалавека ж запрашаюць у нацыянальную зборную. Для дзіцяці, для падлетка, для маладога чалавека, для футбаліста гэта нешта значыць у жыцці! Ён апране футболку з гербам сваёй краіны! І гэта, напэўна, мусіць трэнера да нечага абавязваць! Ён мусіць разумець, куды ён запрашае гэтага футбаліста і, напэўна, падыходзіць да гэтага больш адказна”.

Валерый Ісаеў перакананы, што трэнер мусіць тэлефанаваць і запрашаць футбалістаў сам, а не праз сваіх памочнікаў. Тым больш, што гульцоў у зборнай не так шмат. Але пры гэтым забараніць свайму падапечнаму агент нічога не можа, Ілля Шкурын вырашае сам. Да таго ж з клубам “Віцебск” ужо звязаліся прадстаўнікі зборнай, але акалічнасцяў размовы агент не ведае.

“Праз сацыяльныя сеткі я размаўляю з усімі футбалістамі, якія прыцягваюцца ў зборную, — кажа памочнік галоўнага трэнера юнацкай зборнай Беларусі Іван Крутаў. — Я цікаўлюся іх гульнявым тонусам, здароўем. Даведваюся, ці траўмаваны ён, ці задзейнічаны ў трэніровачным працэсе, трэніруецца ён з дублем ці з асноўнай камандай і гэтак далей. Але выклік праз “Укантакт” мы не робім. Галоўны трэнер зборнай ужо звязваецца з галоўным трэнерам клуба, дзе выступае футбаліст, непасрэдна з самім футбалістам і Федэрацыяй футбола, высылае афіцыйны факс з выклікам на клуб”.

На думку Івана Крутава, агент нападаючага “Віцебска” проста не разабраўся ў сітуацыі і не ведае падрабязнасцяў. Тым не менш, размова галоўных трэнераў ужо адбылася і Ілля Шкурын ў хуткім часе выправіцца на зборы юнацкай зборнай па футболе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі