У Екацярынбургу пасля пратэстаў РПЦ адмовілася ад будаўніцтва сабора ў скверы

У Екацярынбургу пасля пратэстаў РПЦ адмовілася ад будаўніцтва сабора ў скверы

У расійскім Екацярынбургу праваслаўная царква адмовілася ад ідэі пабудаваць сабор у грамадскім скверы ля драмтэатра. Такое рашэнне мясцовая епархія прыняла пасля актыўных пратэстаў жыхароў горада, перадае ТАСС.

У заяве, распаўсюджанай у нядзелю, прыводзяцца словы мітрапаліта Екацярынбургскага і Верхатурскага Кірыла, які сказаў, што храм будзе пабудаваны на “годным месцы”. Ён таксама адзначыў, што падзеі згуртавалі вернікаў і ў выпадку пакідання месца ля драмтэатра ў аркушы для галасавання гэты варыянт меў бы ўсе шансы на перамогу, але праваслаўны клірык адзначае, што вернікі “з пакорай” адмаўляюцца ад права на будаўніцтва. Сабор не будзе пабудаваны ў “якім-кольвек скверы або на тэрыторыі зялёных насаджэнняў, дый на грамадскай тэрыторыі”.

У траўні ў Екацярынбургу праходзілі несанкцыянаваныя акцыі пратэсту супраць будаўніцтва праваслаўнага храма ў скверы ля драматычнага тэатра. Нагодай стала ўсталяванне агароджы вакол сквера, які хацелі знішчыць дзеля будаўніцтва сабора. Былі затрыманыя дзясяткі чалавек, некаторыя атрымалі пашкоджанні.

У Крамлі пратэсты назвалі “правакацыяй” і ўхвалілі сілавы разгон мітынгоўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі