У Эдуарда Ханка выкупілі “Малінаўку”

У Эдуарда Ханка выкупілі “Малінаўку”

На сцэну вяртаюцца песні скандальна вядомага кампазітара Эдуарда Ханка “Малінаўка”, “Завіруха”, “Шчаслівы выпадак” і “Я ў бабулі жыву”. Правы на іх набыў кампазітар, удзельнік гурта DaVinci Леанід Шырын. Для таго, каб можна было… назваць свой прадзюсарскі цэнтр “Малінаўка”.

Леанід Шырын: “Гэта будзе міжнародны культурны цэнтр “Малінаўка”. А для таго, каб магло ўсё зрасціся ў адно, мы пажадалі набыць правы і на гэтую песню. Па-другое, я вельмі добра сябраваў з Аляксандрам Ціхановічам, і мы хацелі, каб гэтая песня вярнулася на сцэну. Бо яе ведаюць на прасторы ўсяго СНД”.

Па словах кампазітара, пасля набыцця правоў усе названыя песні Ханка спакойна змогуць выконваць не толькі Ядвіга Паплаўская, але і ўсе выканаўцы цэнтра “Малінаўка”. Калі ж тую ж “Завіруху”, кажа Леанід Шырын, захоча выконваць, напрыклад, Зміцер Вайцюшкевіч, то ён павінен будзе атрымаць на гэта дазвол ад новага праваўладальніка. Інакш ― суд.

Колькі заплацілі Эдуарду Ханку за чатыры песні, Шырын не кажа. Маўляў, хоць лічба і была сімвалічная, але агучваць яе не варта.

“Мы доўга сядзелі размаўлялі з ім. Ну, вось ён забараніў і год іх ніхто не спявае, па радыё яны не гучаць ― і што? У нас нармальная атрымалася размова пра асэнсаванасць такіх дзеянняў для абодвух бакоў”, ― кажа Шырын.

Нагадаем, у красавіку 2017 года кампазітар Эдуард Ханок забараніў спяваць пяць сваіх песень Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленку. Раней Ядвіга Паплаўская казала, што Ханок запатрабаваў ад яе 25 тысяч за тое, каб яна магла выконваць чатыры яго песні. Цяпер такое права дае спявачцы цэнтр “Малінаўка”. На Анатоля Ярмоленку, які адмовіўся плаціць яму за права выконваць песню “Вы шуміце, бярозы”, Эдуард Ханок, па яго словах, падаў у суд.

Цалкам размову з Леанідам Шырыным можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі