У Дзяржынску затрымалі 9 чалавек — за акцыі пратэсту і дапамогу ў аплаце штрафаў

У Дзяржынску затрымалі 9 чалавек — за акцыі пратэсту і дапамогу ў аплаце штрафаў

У Дзяржынску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі дзевяць чалавек — шасцярых мужчын і трох жанчын. Усе ва ўзросце ад 31 да 53 гадоў, сярод іх дзве сямейныя пары, паведамляе прэс-служба МУС.

Паводле звестак праваабаронцаў "Вясны", ператрусы ў райцэнтры ішлі два дні — 17 і 18 сакавіка. Паведамлялася, што мясцовыя міліцыянты працавалі разам з прыезджымі з Мінску. 

У затрыманых падчас ператрусаў забралі камп'ютарную тэхніку, мабільнікі і сімволіку.

Міліцыянты вінавацяць дзяржынцаў ва ўдзеле ў вулічных пратэстах і дапамозе ў аплаце штрафаў. 

"У жніўні мінулага года жыхары райцэнтра ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах не толькі ў сваім горадзе, але і ў Мінску. Усе ўваходзілі ў дэструктыўныя тэлеграм-чаты (асноўны "Дзяржынск City"), дзе абмяркоўвалі свае дзеянні і планавалі новыя акцыі. Адна жанчына прызналася, што мінулай восенню збірала пратэстоўцам грошы на аплату штрафаў. У выніку частку сумы выдаткавала на асабістыя патрэбы", — заяўляе прэс-служба МУС.

На пяцярых затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у масавых акцыях, яны знаходзяцца ў ІЧУ. Астатнім вынеслі афіцыйныя папярэджанні і адпусцілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі