У. Дунаеў: У Еўропе пра Беларусь не забыліся

У Вільні адбыўся дзяржаўны візіт прэм’ер-міністра Венгрыі Ферэнца Дзюрчаня. Акрамя сустрэчаў на дзяржаўным узроўні, Ферэнц Дзюрчань завітаў і ў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, дзе сёння навучаюцца беларускія студэнты.
Еўрарадыё звязалася з першым прарэктарам ЕГУ Уладзімірам Дунаевым, які распавёў пра выступ знакамітага венгра:

“У межах выступу ён паведаміў, што Венгрыя прыняла рашэнне аб падтрымцы ЕГУ і выдзяляе 50 тысячаў еўра на 2007 – 2008 гады, а таксама плануе працягваць у будучым падтрымліваць ЕГУ. Дапамога еўрапейскіх урадаў з’яўляецца сігналам для людзей Беларусі аб тым, што пра Беларусь не забылі”.

Падчас гэтай сустрэчы Ферэнц Дзюрчань таксама адказваў і на пытанні студэнтаў. Па словах Уладзіміра Дунаева, у асноўным пытанні былі крыху абстрактныя, звязаныя з пазіцыяй прэм’ер-міністра ў адносінах да эканамічнага развіцця і супрацоўніцтва Беларусі з еўрапейскімі краінамі.

Уладзімір Дунаеў: “Вось адно пытанне было такое, як ён (Ферэнц Дзюрчань) як бізнэсовец глядзіць на перспектывы супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён сказаў, што не стаў бы інвеставаць свае грошы ў беларускую эканоміку, бо лічыць, што вельмі рызыкоўна інвеставаць грошы ў эканоміку краіны, якой кіруе дыктатарскі рэжым. У гэтай сітуацыі рызыку цяжка пралічыць, і такія крокі неапраўданыя”.

Уладзімір Дунаеў лічыць візіт прэм’ер-міністра вельмі карысным і падкрэслівае, як важна, што менавіта Венгрыя звярнула сваю ўвагу на ЕГУ:

“Венгрыя – гэта краіна, якая сама не так даўно стала на шлях дэмакратычнага развіцця. І тое, што акрамя такіх традыцыйных еўрапейскіх партнёраў да падтрымкі універсітэта далучаецца і Венгрыя – вельмі сімвалічна.

Гэта азначае, што мы атрымліваем падтрымку не толькі ад старых дэмакратый, але і ад маладых дэмакратый, якія лепш за іншых разумеюць, наколькі важная місія універсітэтаў. Па-другое, я не буду адмаўляць, што фінансавая падтрымка таксама вельмі важна. І не толькі выдзяленне гранта зараз, але і намер у будучым аказваць дапамогу ЕГУ”.


Акрамя прэм’ер-міністра Венгрыі на сустрэчы выступіў міністр замежнах справаў Літвы Петрас Вацікунас, які распавёў пра важнасць той справы, якую ажыццяўляе літоўская ўлада ў падтрымцы беларускай моладзі.

Аляксандра Чалей, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі