У чым Лукашэнка працуе падчас суботнікаў

Падчас суботніка 12 красавіка кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка працаваў у новай спецвопратцы: трохкаляровая камізэлька, штаны, чырвоная кепка. У такой жа форме працаваў кіраўнік Мінска Мікалай Ладуцька і малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай.

Цікавімся ў краме, якая гандлюе спецвопраткай: “Колькі каштуе самая якасная?”.

“У сярэднім абутак каштуе — 300,400 тысяч. Калі наш беларускі камплект: штаны, куртка, то ад 140 тысяч да 600”, — агучваюць мне кошты ў краме спецвопраткі.

Значыць, у сярэднім якасны касцюм беларускай вытворчасці "заважыць" на 800 тысяч. Ці адпрацавалі на суботніку новы касцюм кіраўніка краіны?

Больш за 2,9 мільёна чалавек зарабілі 62 мільярда рублёў. Калі пералічыць персанальна, то кожны здолеў зарабіць 21 тысячу. Значыць, каб акупіць адзін спецкасцюм для суботніка, спатрэбіцца 38 чалавек!

Аляксандр Лукашэнка працуе на суботніку з малодшым сынам Мікалаем

На суботніку ў 2005 годзе, калі будавалі Нацыянальную бібліятэку, кожны зарабіў па 2,5 тысячы рублёў. Кіраўнік краіны быў… у новай спецвопратцы: зялёна-аранжавая куртка і зялёныя штаны.

Кіраўнік краіны на суботніку, будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі

У 2008 годзе на суботніку па будаўніцтве “Мінск-арэны” амаль усе чыноўнікі працавалі ў новай форме, як у кіраўніка краіны: шэрыя штаны, шэрая з чырвоным камізэлька. Кожны зарабіў каля 13 тысяч рублёў.

2009 год. На будоўлі “Мінск-арэны” падчас суботніка кожны зарабіў 13 тысяч рублёў. Спецвопратка ў кіраўніка краіны такая ж, як і год таму.

Праз год Лукашэнка ладзіць шпакоўні на суботніку ў будучым парку “Беларусь”. На кожнага ўдалося зарабіць тыя ж 13 тысяч рублёў. Спецвопратка — звычайны спартовы касцюм.

Год таму ў 2013 годзе у сіне-аранжавай форме Аляксандр Лукашэнка працуе на добраўпарадкаванні плошчы дзяржаўнага сцяга. Кожны тады зарабіў падчас суботніка па 14 тысяч рублёў. Таксама не хапае на новы касцюм.

Цікава, што даходы ад апошняга сёлетняга суботніка падлічылі у дзень суботніка, пасля абеду, амаль за некалькі гадзін. Хаця, па пастанове Саўміна “Аб суботніках” паведамляецца, што даходы паведамляюць у аддзел статыстыкі на наступны, працоўны дзень пасля суботніка.

Фота: belta.by, naviny.by 

На відэа - кіраўнік краіны на сёлетнім суботніку(ont.by)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі