Вы тут

У цэнтры Мінска паставілі помнік царскаму паліцэйскаму з сабачкам (Фота)

Сталічная міліцыя сёлета святкуе стагоддзе з моманту свайго заснавання. У шэрагу іншых святочных мерапрыемстваў запланаванае і адкрыццё помніку каля будынка Міністэрства ўнутраных спраў. Манумент уяўляе сабой зборны вобраз царскага паліцэйскага, які стаіць на варце, а ля яго ног ляжыць невялічкі сабачка.

Датай свайго заснавання сённяшняя беларуская міліцыя лічыць 4 сакавіка 1917 года. У гэты дзень Міхаіл Фрунзе быў прызначаны часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў горадзе, утворанага пасля лютаўскай рэвалюцыі. У той жа дзень былі сфармаваныя першыя баявыя атрады з працоўных і салдат. У ноч на 5 сакавіка яны пад кіраўніцтвам Фрунзе раззброілі царскую паліцыю горада, захапілі паліцэйскае ўпраўленне, а таксама архіўнае і вышуковае аддзяленні, узялі пад ахову найважнейшыя дзяржаўныя ўстановы. Таму рашэнне зрабіць манумент менавіта царскаму гарадавому, якіх фактычна першыя міліцыянеры і выгналі, даволі дзіўнае.

Урачыстае адкрыццё манумента адбудзецца бліжэй да свята, пакуль жа скульптура будзе стаяць, закрытая тканінай.