Вы тут

У Брэсце пройдзе футбольны турнір сярод пацыентаў з перасаджанымі органамі

Фота: b-g.by

4–5 кастрычніка ў Палацы спорту ў Брэсце пройдзе турнір па міні-футболе сярод пацыентаў, якія перанеслі перасадку органаў. Гэта ўжо другі такі чэмпіянат, які праходзіць у Беларусі. Сёлета акрамя беларускіх і замежных камандаў у міні-футбол згуляюць медыкі з Мінскага цэнтра транспланталогіі і гематалогіі.

Адзін з арганізатараў турніру Міхаіл Нядзвецкі расказаў Еўрарадыё, што сярод спартсменаў будуць і тыя, хто перанёс аперацыю зусім нядаўна.

“Гуляць будуць непрафесійныя футбалісты. Калі чалавек разумее, што здольны адгуляць 5, 10 ці 15 хвілін, дык чаму не? Але, вядома, на ўсіх гульнях будзе прысутнічаць доктар, каб не адбылося форс-мажораў, — расказвае Нядзвецкі. — Мы згуляем два таймы па 10 хвілін з перапынкам на 5 хвілін, будзе неабмежаваная колькасць замен і некаторыя іншыя адхіленні ад класічных правілаў. Калі будзе нічыя, прыдугледжаны дадатковы час і пенальці”.

Ілюстрацыйнае фота

У Брэст на турнір прыедуць грамадзяне Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі. Усе яны перанеслі аперацыі па перасадцы органаў: нырак, печані, сэрца. Абавязковая ўмова — узрост ад 18 гадоў. 

У Брэсце знаходзіцца Таварыства пасля трансплантацыі. Не ў апошнюю чаргу летась першы турнір па міні-футболе сярод пацыентаў пасля трансплантацыі прайшоў менавіта там. Сёлета горад вырашылі не мяняць. 

“Турніры мы робім у першую чаргу для пацыентаў, — дадае Міхаіл Нядзвецкі. — Паказваем, што яны патрэбны грамадству. Былі аперацыі, але яны засталіся ў мінулым, таму людзям трэба вяртацца да нармальнага жыцця. 

Іншай частцы грамадства мы паказваем, што гэтыя людзі ўчора былі пры смерці, а сёння яны займаюцца спортам, ствараюць сем’і. Вядуць звычайнае жыццё. Хоць і называем турнір для пацыентаў, на самай справе гэта ўжо не пацыенты”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.