Вы тут

У Беларусі перадумалі абмяжоўваць узрост выбаршчыкаў

Спачатку інфармацыя з'явілася на тэлеканале СТБ, там жа яе праз некалькі дзён абверглі / ctv.by

У Беларусі перадумалі абмяжоўваць узрост выбаршчыкаў. Гэта вынікае з інтэрв'ю намесніцы старшыні Канстытуцыйнага суда Наталля Карповіч у эфіры тэлеканала СТБ. Яна заявіла: "Ніякіх падстаў для ўвядзення такога роду абмежаванняў не маецца".

Пра тое, што на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі прагучала прапанова, каб беларусы мелі права голаса з 20 да 70 гадоў, днямі паведаміў той жа тэлеканал СТБ. Прыводзілася нават матывацыя: грамадзяне да 70 гадоў "пры прыняцці важнага рашэння яшчэ праяўляюць актыўнасць у грамадска-палітычным жыцці краіны, і на іх выбар ніяк не можа паўплываць стан здароўя". А "маладыя людзі [у 20 гадоў] ужо паспеюць сфармавацца як асоба і будуць здольныя рэальна ацэньваць сітуацыю". Цяпер жа беларусы маюць права галасаваць з 18 гадоў.

Эксперты адразу ж звярнулі ўвагу, што прапанова "супярэчыць канстытуцыйнай норме ўсіх цывілізаваных краін", а таксама на тое, што праз 3,5 года 70 гадоў ужо будзе Аляксандру Лукашэнку, і ён таксама не змог бы галасаваць.

Карповіч кажа, што прапанова "першапачаткова не была... падтрымана Канстытуцыйнай камісіяй". Паводле яе слоў, "практычна было выказана аднадушнае меркаванне членаў Канстытуцыйнай камісіі аб непрымальнасці такога роду змяненняў".

Высвятляецца, што камісія не прымала канчатковага рашэння ні па адной прапанове. Яна будзе збірацца двойчы на ​​месяц да жніўня 2021-га. Да таго часу мусіць з'явіцца праект абноўленай Канстытуцыі РБ, які будзе выносіцца на абмеркаванне, а пасля і на рэферэндум.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.